У Нацыянальным аэрапорце «Менск» 23 траўня пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня. Авіякампанія Ryanair атрымала ад беларускіх дыспэтчараў указаньне пасадзіць самалёт у Менску. На распараджэньне Лукашэнкі дзеля суправаджэньня гэтага самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.
Пасажыраў Ryanair на падставе паўторнага надгляду праверылі і ў выніку арыштавалі вядомага журналіста і блогера, цяперашняга рэдактара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым рэйсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Раман Пратасевіч«Апошні раз мы размаўлялі ўчора»
— Як вы даведаліся пра тое, што ваш сын ужо ў Беларусі?
— Мы даведаліся пра гэта з тэлеграм-каналаў. Спачатку даведаліся, што самалёт прымусілі сесьці ў Менску. Мы меркавалі, што наш сын у гэты дзень мусіў вяртацца з адпачынку ў Вільню. У нас зьявіліся вельмі цяжкія прадчуваньні, бацькоўскае сэрца не падманеш. Затым гэтая інфармацыя пацьвердзілася, што сына затрымалі. Паступова ў тг-каналах зьяўлялася інфармацыя, і мы так пра яе даведваліся. Да гэтага сын быў у адпачынку, мы зь ім размаўлялі прыблізна раз на дзень. Але пра тое, што ён меўся вылятаць 23-га, мы не маглі ведаць. Ён да канца не паведамляў нам пра ўсе свае перамяшчэньні, напэўна, не хацеў, каб многія ведалі, дзе ён знаходзіцца.
— Сёньня ягоныя калегі апублікавалі перапіску незадоўга да вылету, дзе ён казаў, што за ім нібыта сочаць. Ці штосьці падобнае ён казаў вам?
— Апошні раз мы размаўлялі ўчора. Гаворка тычылася адпачынку, таго, як ён абгарэў на сонцы. Але сёньня мы спрабавалі зь ім выйсьці на сувязь, як я разумею, яшчэ да яго вылету з Атэнаў, але не атрымалася.
— Кажуць, што зь ім была дзяўчына, але да Вільні яна так і не даляцела.
— Ён быў не адзін, але, на жаль, мы з гэтай дзяўчынай незнаёмыя. Ня ведаем нават імя. Зразумела, мы б хацелі выйсьці зь ёй на сувязь, каб даведацца падрабязнасьці. Але, як мы даведаліся, яе затрымалі разам з Раманам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўладам так спатрэбіўся Пратасевіч? Аналіз экспэртаў«Апэрацыя насіла вельмі маштабны характар»
— Вы вайсковы чалавек. Ці маглі вы ўявіць нешта падобнае, апэрацыю са зьнішчальнікамі, каб прымусіць сесьці самалёт?
— Абсурд таго, за чым мы назіраем, у тым, што ўсё гэта адбываецца ў XXI стагодзьдзі, у цэнтры Эўропы. Але як былы вайсковец скажу, што гэтую апэрацыю прадумвалі, яе рыхтавалі яўна не адзін дзень, а то і тыдні. Я цалкам перакананы, што гэта была загадзя сплянаваная апэрацыя, якую дакладна рыхтавалі, і напэўна спэцслужбы Беларусі былі не адны. Апэрацыя насіла вельмі маштабны характар, каб плюнуць на ўсю міжнародную супольнасьць і яе меркаваньне, парушыць усе правілы міжнароднага супрацоўніцтва. Вельмі многія СМІ называюць гэта тэрарыстычным актам. Я цалкам з гэтым згодны. Тэракт страшны ня тым, што ён адбыўся, а сваімі наступствамі. А яны значна страшнейшыя за сам тэракт. Мы вельмі моцна перажываем, што адбываецца з нашым сынам. Мы, на жаль, ня ведаем, дзе ён, што зь ім. Будзем спадзявацца на лепшае.
— Вы цяпер не ў Беларусі?
— Не, не ў Беларусі. Там быць пакуль немагчыма. Мы ўжо 8 месяцаў за мяжой.
— Гэта зьвязана зь дзейнасьцю вашага сына?
— Так, вядома. Мы асьцерагаліся перасьледу з палітычных матываў за дзейнасьць сына. Мяне нядаўна пазбавілі званьня, калі я ўжо быў за мяжой некалькі месяцаў. Аказваецца, я нават за мяжой нечым ня ўгодны рэжыму. Гэта ўжо нейкая агонія, так ставіцца да вайскоўцаў, афіцэраў, якія аддалі не адзін год службе, каб краіна была бясьпечнай ад вонкавых і ўнутраных пагрозаў. Але, на жаль,, ёсьць, як ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачалі дасудовае дасьледаваньне інцыдэнту з самалётам Ryanair«Часам не падзялялі яго поглядаў, але жыцьцё паказала, што ён меў рацыю»
— Вы не заўсёды падтрымлівалі дзейнасьць вашага сына. Пра гэта казаў сам Раман. Калі і што зьмянілася?
— Мы заўсёды яго падтрымлівалі. Часам не падзялялі яго поглядаў, ня ўсе погляды. Але як бацькі... Я скажу шчыра, у нас была душэўная размова на кухні, і я яму сказаў: «Што б ты ні зрабіў, я магу гэтага не ўхваляць, але заўсёды буду прымаць. Гэта твой выбар, ты яго зрабіў, і мы цябе заўсёды будзем падтрымліваць». Рана ці позна, але жыцьцё паказала, што ён меў рацыю. Гэтаксама, як мелі рацыю тыя палітыкі, якія на мяжы 90-х казалі пра тое, што чакае Беларусь, калі ва ўладзе будзе адзін чалавек. Як аказалася, усе людзі, якія змагаюцца за тое, каб у нашай краіне была свабода і незалежнасьць, у выніку маюць рацыю. Вядома ж, мы цалкам на баку Рамана.
— Ці можа міжнародны ціск неяк паўплываць на сытуацыю з Раманам?
— Мы верым, што рычагі вонкавага ўзьдзеяньня неяк паўплываюць на ўлады Беларусі. Нармальныя людзі, якія цьвяроза думаюць, разумеюць, у якой сытуацыі можа апынуцца ўлада. Ігнараваць нормы міжнароднага права, такіх моцных гульцоў, як краіны Эўропы, ЗША, гэта ў сучасным сьвеце глупства. Мы спадзяёмся, што вонкавы ціск зробіць уплыў, каб адбыліся зьмены да лепшага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму». Міжнародныя рэакцыі на прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair«Забарона палётаў над тэрыторыяй Эўропы, вядома, зробіць моцны ўплыў на „Белавію“»
— Сёньня прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ён будзе дамагацца, каб беларускім авіялініям забаранілі лётаць над краінамі ЭЗ, і заклікаў выключыць саму Беларусь з зоны палётаў. Падобна выказваюцца і іншыя палітыкі. Ці гэта тое, чаго б вы чакалі ад Захаду як бацькі?
— Пералёты — гэта недзе там, наверсе. Мы ходзім, на жаль, па зямлі, і высокія матэрыі цяпер нам не зусім пасуюць. Забарона палётаў над тэрыторыяй Эўропы, вядома, зробіць моцны ўплыў на «Белавію», але санкцыі павінны ахопліваць ня толькі паветраныя зносіны, але найперш кантроль фінансавых патокаў сям’і Лукашэнкі, дзейных чыноўнікаў. Напэўна, яны маюць рахункі ў замежных банках, нерухомасьць, маёмасьць. Гэта можна арыштаваць, заблякаваць рахункі. Гэта зробіць сур’ёзны ціск.
— Ці самі вы адчувалі такую небясьпеку нават за мяжой? Ці сам Раман казаў вам нешта пра тое, што асьцерагаецца?
— Мы такога не адчувалі. Калі мы пакінулі краіну, то адчулі, што краіны ЭЗ вельмі адказна ставяцца да людзей, якія пакінулі свае краіны зпалітычных матываў, баючыся расплаты і рэпрэсій. Мы адчулі, што краіны ЭЗ даюць гарантыі бясьпекі. Мы адчувалі сябе абсалютна спакойна і не чакалі, што будзе такі паварот падзеяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Украіна і Эстонія запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Пратасевіча«Раман для іх вельмі сымбалічная фігура»
— Тэлеграм-канал «Пул первого» напісаў, што сам Лукашэнка даў загад падняць зьнішчальнікі ў неба, каб суправаджаць самалёт у Менск. Чаму ваш сын такі небясьпечны для Лукашэнкі?
— Цяперашняя ўлада баіцца незалежных журналістаў, свабоды слова, баіцца, што любыя яе дзеяньні стануць вядомыя сусьветнай супольнасьці. Яны думаюць меркамі мінулага стагодзьдзя, калі яшчэ існаваў СССР. Маўляў, калі заткнуць рот журналістам, усіх пасадзіць за краты, узяць пад кантроль усе СМІ, то можна спакойна рабіць свае цёмныя справы, плюючы на грамадзкую думку. Раман для іх фігура, якая вельмі сымбалічная. Пасінелымі пальцамі яны падымаюць келіх за посьпех праведзенай апэрацыі. Для іх гэта «добрая» нагода, каб паказаць, што яны ўмеюць і дзейнічаюць. Але яны забываюць пра тое, што ўсёй сусьветнай супольнасьці яны паказваюць, якімі мэтадамі яны дзейнічаюць. Што гэта незаконныя мэтады, што яны носяць цалкам нечалавечы характар, катаваньні, затрыманьні. Усё гэта вельмі сумна.
— Вы цяпер за мяжой. Ці хтосьці вам дапамагае зь бядой, зь якой вы апынуліся сам-насам?
— Я хачу моцна падзякаваць усім неабыякавым людзям, часам незнаёмым, якім пісалі нам, званілі, падтрымлівалі, прапаноўвалі дапамогу. Самая лепшая дапамога — гэта падтрымаць нашага сына, які знаходзіцца там. А гэта, напрыклад, дакладная інфармацыя. Мы дагэтуль ня ведаем, ні дзе ён, ні і ў якім стане.