Раману Пратасевічу 26 гадоў. Як журналіст ён некалькі гадоў супрацоўнічаў зь беларускімі выданьнямі. Пазьней далучыўся да тэлеграм-каналу Nexta, быў там галоўным рэдактарам. На момант затрыманьня працаваў у камандзе тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Самалёт, якім ён ляцеў, пасадзілі з дапамогай вайсковага зьнішчальнікаБраў удзел у пратэстах яшчэ падлеткам
Імя Рамана Пратасевіча стала вядомае падчас маўклівых акцый 2011 году. Тады колішні намінант на прэзыдэнцкую прэмію16-гадовы Раман быў затрыманы. Пазьней ён заявіў, што яму давялося забраць дакумэнты зь Ліцэю БНТУ, а з бацькамі ўзьнік канфлікт на палітычнай глебе. Як пісалі СМІ, на той момант Раманаў бацька быў старэйшым выкладчыкам катэдры ідэалягічнай працы ў Вайсковай акадэміі.
Пасьля ўдзелу ў маўклівых акцыях Раман Пратасевіч далучыўся да Маладога фронту. Ён таксама спрабаваў удзельнічаць у кампаніі па выбарах у Моладзевую палату пры менскім гарсавеце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Рамана Пратасевіча аштрафавалі за Марш абураных беларусаўЗ актывіста стаў журналістам
Пасьля школы Раман паступіў на журфак БДУ, але, як паведамляла Эўрарадыё, быў адлічаны. Ён супрацоўнічаў з многімі беларускімі выданьнямі. Апошнім зь іх перад ад’ездам за мяжу стала Эўрарадыё.
Стыпэндыят прэміі імя Вацлава Гаўла
У 2017-2018 гадах Раман Пратасевіч атрымаў стыпэндыю Вацлава Гаўла і стажыраваўся на Радыё Свабода.
Папрасіў прытулку ў Польшчы яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў
Прычынай стала затрыманьне журналіста Ўладзімера Чудзянцова, зь якім Пратасевіч сябраваў у Беларусі. Чудзянцова затрымалі 22 лістапада 2019 па дарозе ў Польшчу. Была інфармацыя, што Чудзянцоў супрацоўнічаў з тэлеграм-каналам Nexta. На фоне гэтых падзей Раман прыняў рашэньне застацца ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст Чудзянцоў застаецца за кратамі. Ягоны сябар папрасіў палітычнага прытулку ў ПольшчыУладзімера Чудзянцова асудзілі на 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за распаўсюд порна заведама непаўналетняму, захоўваньне наркотыкаў і спробу перавозу наркотыкаў празь мяжу. У 2021 годзе Чудзянцоў, затрыманы задоўга да пратэставых падзей, зьявіўся ў прапагандысцкім фільме «Забіць прэзыдэнта».
Сышоў зь Nexta, далучыўся да каналу «Беларусь головного мозга»
У Польшчы Раман Пратасевіч адкрыта супрацоўнічаў з каналам Nexta. У канцы верасьня 2020-га у разгар пратэстаў у Беларусі Пратасевіч заявіў пра сыход з каналу. У сакавіку 2021-га ён заявіў пра далучэньне да каманды каналу «Беларусь галоўнага мозга», які раней адміністраваў блогер Ігар Лосік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод пазбаўленых вайсковых званьняў — бацька былога галоўнага рэдактара «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналуЯгоны бацька быў пазбаўлены вайсковага званьня
Імя бацькі Рамана — падпалкоўніка запасу Дзьмітрыя Пратасевіча — зьявілася ў сьпісе сілавікоў, якіх Лукашэнка пазбавіў вайсковых званьняў на фоне пратэстаў у Беларусі. «Бацька аддаў вайсковай службе 29 гадоў і звольніўся яшчэ ўвосень 2019-га, пасьля чаго працаваў у інкасацыі. Ён ня браў актыўнага ўдзелу ў пратэстах, ні разу не затрымліваўся, ні да чога не прыцягваўся», — казаў тады Раман Пратасевіч. Паводле яго, бацькі выехалі за ім у Польшчу, калі ён папрасіў там прытулку.
У Беларусі быў абвешчаны ў вышук
Рамана Пратасевіча, як і заснавальніка «NEXTA» Сьцяпана Пуцілу абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — арт. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».