Беларускага актывіста Пятра Маркелава, які некалькі меясяцаў жыве ва Ўкраіне, затрымалі пры спробе правесьці пэрформанс каля беларускай амбасады. Ён зьбіраўся перакінуць праз агароджу некалькі мяхоў гною.
У часе затрыманьня Пётар Маркелаў пракрычаў, што гэтай акцыяй хацеў зьвярнуць увагу да падзеяў у Беларусі і да факту сьмерці ў турме палітвязьня.
Супрацоўнікі Нацгвардыі жорстка затрымалі актывіста — павалілі на зямлю і надзелі кайданкі. Адзін з гвардзейцаў некалькі разоў крыкнуў маркелаву, што яго дэпартуюць за парушэньне грамадзкага парадку.
«У Беларусі 50 тысяч грамадзян прайшлі праз Акрэсьціна. Гэта супраць амбасады і ўладаў Беларусі, а ня супраць Украіны», — спрабаваў патлумачыць беларускі актывіст.
У паліцыі на Маркелава склалі пратакол за дробнае хуліганства і адпусьцілі.
Пасьля пэрформансу ахову амбасады Беларусі ва Ўкраіне ўзмацнілі.
Прадстаўнік апэратыўнага аддзелу Нацыянальнай гвардыі Ўладзімір Швэц пазьней назваў эмоцыямі выказваньні свайго супрацоўніка на адрас беларуса і прапановы ехаць у Беларусь і там праводзіць свае акцыі.
«Я выбачаюся за гэтыя эмоцыі. Але зразумейце, мы не чакалі такой правакацыі», — сказаў ён.
Уладзімір Швэц дадаў, што раней усе акцыі, якія праводзіла беларуская дыяспара, праходзілі спакойна і без эксцэсаў. «У нас заўсёды былі канструктыўныя дачыненьні зь беларусамі, якія праводзяць акцыі пратэсту каля амбасады».
Прадстаўніца паліцыі паведаміла Свабодзе, што Пятра Маркелава пасьля атрыманьня тлумачэньняў павязуць у раённае аддзяленьне паліцыі, дзе ўжо будуць вырашаць, як кваліфікаваць ягоныя дзеяньні.
«Магчыма як крымінальнае, так і адміністратыўнае правапарушэньне», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятра Маркелава вызвалілі ў КіевеПётар Маркелаў — актывіст «Моладзевага блёку». Актыўна ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях у Беларусі як кандыдат, давераная асоба і назіральнік. Выступаў за легалізацыю марыхуаны. Прымаў удзел у акцыях пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад вазка з гноем да аголеных Femen. Самыя скандальныя палітычныя пэрформансы ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск, вуліца Карла Маркса, 38