Затрымалі тэхнічных работнікаў, паведамляе «Наша Ніва».
Глеб Лабадзенка, суаўтар і вядоўца праграмы «Кожны з нас», пацьвердзіў «Эўрарадыё», што на студыі адбыліся затрыманьні. Сам ён на свабодзе. Тэхнічныя работнікі пасьпелі яму патэлефанаваць і расказаць пра сілавікоў. Колькі чалавек затрымана і хто менавіта, Лабадзенка ня ведае.
Здымак на студыі не было. Ішла падрыхтоўка да запісу ток-шоў, паведамляе «Белсат».
Пазьней тэлеграм-канал «Белсату» паведаміў пра затрыманьне журналістаў-фрылансэраў Алеся Сіліча і Натальлі Валакіды: «Як стала вядома, яны былі ў Першамайскім РУУС. Алесю Сілічу інкрымінуюць адзіночны пікет. Суд будзе ў панядзелак».
Дзьвюх журналістак тэлеканалу пакаралі за прафэсійную працу на акцыях пратэсту. Карэспандэнтак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі летась 15 лістапада за стрым з разгону акцыі ў памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі. Журналісткам выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу.
18 лютага судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Натальля Бугук пакарала іх 2 гадамі пазбаўленьня волі кожную ў калёніі агульнага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі журналістак палітычнымі зьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Кацярыну Андрэеву перавезьлі ў СІЗА Магілёва, адтуль этапуюць у Гомельскую калёнію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 100 беларускіх журналістаў заклікалі ўлады спыніць «паляваньне на ведзьмаў»