«Амбасадарка Швэцыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысьціна Юханэсан брала ўдзел у візыце ў кампанію Siemens Energy AB у горад Фінспонг і прысутнічала на пратакольнай цырымоніі падпісаньня двух кантрактаў зь дзьвюма беларускімі энэргетычнымі кампаніямі ў рамках сваёй працы па прасоўваньні эканамічных інтарэсаў Швэцыі за мяжой», — тлумачыцца ў паведамленьні.
Амбасада адзначае, што «як візыт, так і падпісаньне кантрактаў мелі месца ў 2019 годзе, то бок да жорсткіх дзеяньняў праваахоўных органаў у дачыненьні да дэманстрантаў у зьвязку са сфальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 году».
Паведамляецца, што «пачынаючы з чэрвеня 2020 году на фоне палітычнай сытуацыі Амбасада Швэцыі ў Менску на практыцы прыпыніла актыўную працу па разьвіцьці гандлёвых стасункаў паміж Швэцыяй і Беларусьсю», а таксама, што «крытыка згаданых кантрактаў, агучаная беларускай апазыцыяй, паступіла ў тым ліку ў Міністэрства замежных спраў Швэцыі і была перададзеная ў кампэтэнтны дзяржаўны орган».
Раней швэдзкі тэлеканал TV4 паказаў сюжэт зь Беларусі з працягам расьсьледаваньня пра крэдытныя гарантыі швэдзкага Агенцтва па экспартных крэдытах EKN на шматмільённую ўгоду паміж кампаніяй Siemens Turbomachinery AB і беларускімі дзяржпрадпрыемствамі «Мінскэнэрга» і «Брэстэнэрга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швэцыі працягваецца скандал з крэдытаваньнем энэргетычнай праграмы ЛукашэнкіРаней EKN крытыкавалі за тое, што яно дало гарантыі зьдзелкі, нягледзячы на парушэньні правоў чалавека на беларускіх прадпрыемствах. Кіраўнік EKN і міністар зьнешняга гандлю Швэцыі былі вымушаныя даваць тлумачэньні парлямэнту.
Цяпер швэдзкія СМІ паведамілі, што ў заключэньні ўгоды брала ўдзел амбасадарка Швэцыі ў Беларусі.
Кіраўнік швэдзкай Арганізацыі падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Марцін Угла напісаў у сваім фэйсбуку:
«Выкрыцьцё праграмы Kalla Fakta аб ролі Міністэрства замежных спраў і амбасады Швэцыі ў пагадненьні, паводле якога Агенцтва па экспартных крэдытах EKN дало крэдытныя гарантыі, паказвае, што дасягнутае новае дно. Стала зразумела, што гаворка не ішла пра недасьведчанасьць кіраўніцтва EKN, якое празь некампэтэнтнасьць выпадкова задаволіла заяўку, што было б само па сабе дрэнна. Але ўгода была вынікам актыўнай працы Міністэрства замежных спраў, якое было цалкам інфармаванае аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аб ролі дзяржаўных кампаній у рэпрэсіях лукашысцкай дыктатуры супраць уласных грамадзянаў і аб поўнай пагардзе да працоўнага заканадаўства».
«Аўтарытэт Міністэрства замежных спраў у пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека моцна пацярпеў. Каб аднавіць гэты давер, неабходна працягваць значна больш канкрэтныя дзеяньні ў падтрымку дэмакратычнага руху, актыўныя эўрапейскія санкцыі супраць рэжыму і судовы перасьлед парушальнікаў правоў чалавека; таксама ўрад павінен даць выразны сыгнал пра тое, што з усялякай падтрымкай Лукашэнкі і яго рэжыму канчаткова скончана: больш ніякай дапамогі дзяржаўным суб’ектам, ніякіх спраў з кампаніямі рэжыму, ніякай пабудовы адносінаў з прадстаўнікамі дыктатуры, ні цэнтралізавана, ні на мясцовым узроўні. У безумоўнай падтрымцы Швэцыі маюць патрэбу беларускія дэмакраты, а не Лукашэнка і яго саўдзельнікі».