«Сам этап неспадзеўкай ня стаў, ён чакаўся ў ноч з 17 на 18 траўня. Але да канца было незразумела, павязуць яе проста ў Гомель альбо з заездам у Магілёў. У сваім апошнім лісьце з Жодзіна Каця пісала, што хоча ўжо хутчэй апынуцца ў калёніі — на гэтай „завяршальнай стадыі сваёй турэмнай эпапеі“. Калёнія добрая ўжо тым, што зь яе ляжыць шлях на волю, так апісала яна свой настрой», — расказаў яе муж Ігар Ільяш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самае цяжкае — этап. Палітзьняволеных журналістак перавезьлі ў СІЗА ЖодзінаАпошнія два месяцы Кацярына Андрэева і яе каляжанка Дар’я Чульцова правялі ў жодзінскай турме. Пасля таго, як Менскі гарадзкі суд адхіліў апэляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд журналісткам бязь зьменаў, іх мусілі этапаваць у гомельскую калонію.
Наконт Дарʼі Чульцовай дакладнай інфармацыі пакуль няма, але, імаверна, іх перавезьлі разам. Раней праз аналягічны маршрут этапавалі зьняволеную журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч: з Жодзіна — у Магілёў, адтуль — у Гомель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналісткам Андрэевай і Чульцовай: два гады за стрым з акцыі пратэстуКацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі летась 15 лістапада за стрым з разгону акцыі ў памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі. Журналісткам выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу.
18 лютага судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Натальля Бугук пакарала іх 2 гадамі пазбаўленьня волі кожную ў калёніі агульнага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі журналістак палітычнымі зьняволенымі.