Трагедыя адбылася ва Ўсходнім мікрараёне гораду днём 19 траўня. Падчас крушэньня самалёта Лідзкай штурмавой авіябазы Як-130 загінулі два лётчыкі — 34-гадовы камандзір зьвяна вучэбна-баявой эскадрыльлі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы маёр Андрэй Нічыпарчык і 23-гадовы лейтэнант Мікіта Куканенка — лётчык зьвяна вучэбна-баявой эскадрыльлі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы.
Абодва лётчыкі былі жанатыя, у Андрэя Нічыпарчыка засталіся трое дзяцей.
Момант катастрофы трапіў на відэарэгістратар чытача газэты Intex-press.
21 і 22 траўня ў Баранавічах плянавалі сьвята «Баранавіцкая вясна — 2021», прысьвечанага 150-годзьдзю гораду. Тэлеграм-канал Баранавіцкага гарвыканкаму анансаваў палёты авіяцыі, скачкі з парашутамі, фэстываль фарбаў, канцэрт, дыскатэку і іншыя імпрэзы. Авіярэпэтыцыі напярэдадні ўрачыстасьці праводзіліся ў Баранавічах штодня.
Пасьля катастрофы з экіпажам сьвяткаваньне адмянілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катастрофа самалёта ў Баранавічах: што расказваюць сьведкі. ФОТА