Супраць праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасьці пачалі крымінальную справу за нібыта падробку дакумэнтаў

Дзьмітрый Бекалюк, 2019 год.

Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Падробка, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў» у дачыненьні да аднаго зь лідэраў руху супраць будаўніцтва заводу АКБ у Берасьці Дзьмітрыя Бекалюка.

Як паведамляе «Брестская газета», увечары 18 траўня дома ў яго прайшоў ператрус.

Паводле яго, яшчэ ў канцы сакавіка абласная пракуратура пачала праверку аб выкарыстаньні грамадзянамі фіктыўных камандзіровачных пасьведчаньняў пры праходжаньні памежнага кантролю на ўезд у Беларусі. Нібыта Бекалюк, праца якога зараз зьвязаная з пастаяннымі паездкамі за мяжу, падроблівае камандзіровачныя дакумэнты, каб пазьбегнуць у Беларусі карантыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завод запушчаны, працуе на поўную катушку». Што стала з абяцаньнем Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у Берасьці

У пачатку красавіка, пасьля вяртаньня з чарговай камандзіроўкі, яго выклікалі на размову ў пракуратуру.

«Пыталіся, чаму я так часта ежджу за мяжу. Я адказваў, што працую, працую афіцыйна, плачу падаткі, мой працадаўца плаціць падаткі па спрошчанай схеме — раз у тры месяцы, а я аформлены са студзеня», — распавёў Бекалюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу зноў не дазволілі сабрацца на плошчы Леніна

Увечары 18 траўня да яго дадому прыйшлі зь ператрусам. Сам Бекалюк цяпер знаходзіцца ў шпіталі, у яго абвастрылася старое захворваньне, магчыма, спатрэбіцца апэрацыя. Падчас ператрусу дома былі ягоная жонка з маленькімі дзецьмі, пазьней прыйшла каманда падтрымкі, прыехала адвакатка.

«Ідзе ціск на мяне як на чалавека, які тры гады прысьвяціў барацьбе з акумулятарным заводам, — гаворыць Бакалюк.— Хочуць ці пасадзіць, або зрабіць маё жыцьцё невыносным, каб я зьехаў за мяжу, выціснуць з краіны».

  • Больш за два гады, пачынаючы з 4 сакавіка 2018 года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзілі на плошчу Ленінў у Берасьці пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў акумулятарнага завода. За гэты многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • 22 чэрвеня падчас візыту ў Берасьце Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ініцыятыўнай групай і паабяцаў рэфэрэндум з нагоды лёсу акумулятарнага завода.
  • У сярэдзіне сакавіка 2021 года акумулятарны завод запрацаваў — без абяцанага рэфэрэндуму.