Адам Міхнік, галоўны рэдактар аднаго з найбуйнейшых польскіх выданьняў «Газэта Выборча», які быў палітвязьнем у часы, калі ягоная краіна была падкантрольная СССР, напісаў адкрыты ліст на Wyborcha.pl начальніку СІЗА № 1 Менска Андрэю Цэдрыку.
У гэтай установе амаль два месяцы ўтрымліваўся Андрэй Пачобут, шматгадовы карэспандэнт «Газэты Выборчай». Яму і яшчэ чацьвярым актывістам недзяржаўнага Саюза палякаў выстаўленае абвінавачваньне ў «распальваньні нацыянальнай варажнечы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы напісаў ліст зьняволеным актывістам Саюзу палякаў Беларусі«У СІЗА № 1, якое вы ўзначальваеце, ад 25 сакавіка знаходзіцца наш калега, карэспандэнт „Газэты Выборчай“ Андрэй Пачобут, — піша Адам Міхнік, хоць, як стала вядома 18 траўня, журналіста перавялі ў турму Жодзіна. — Яго справа і абвінавачваньні, у чым мы глыбока ўпэўненыя, маюць прыроду беспадстаўных і незаконных палітычных рэпрэсій, накіраваных супраць сумленнага і дастойнага даверу журналіста і ў цэлым супраць прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі. Такім чынам, гэтыя рэпрэсіі адпавядаюць рысам этнічнай чысткі, зьявы, якая павінна быць расьсьледаваная згодна зь міжнародным правам».
Зьвяртаючыся да Андрэя Цэдрыка, рэдактар Міхнік выказвае разуменьне, што начальнік СІЗА ня мае ўплыву на характар абвінавачваньняў Андрэю Пачобуту, на ход расьсьледаваньня або магчымы вэрдыкт. Аднак пры гэтым ён адказны за лёс вязьняў падчас іх зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьяволенага журналіста і актывіста Саюзу палякаў Пачобута перавялі ў СІЗА Жодзіна«Тое, што адбываецца падчас арышту з Андрэем Пачобутам, закранае ня толькі нас, яго калег па рэдакцыі, а і журналісцкую супольнасьць ва ўсёй Польшчы. Пачобута ведаюць, шануюць і паважаюць. Доказам гэтага — у 2011-м ён прызнаны польскім журналістам году, што ў нашай краіне ёсьць найвышэйшай журналісцкай узнагародай. Нягледзячы на інфармацыйную блякаду, мы ўважліва сочым за лёсам калегі падчас яго зьняволеньня. Калі высьветліцца, што яго правы як вязьня парушаюцца, мы здольныя ўзьняць грамадзкі рэзананс у Польшчы ды іншых краінах, а таксама зьвярнуцца да міжнародных інстытутаў, каб дабівацца пакараньня вінаватых», — напісаў галоўны рэдактар «Газэты Выборчай» Адам Міхнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы палякі, але наш абавязак — служыць Беларусі». Што гавораць бацькі журналіста Пачобута, які сядзіць у «польскай справе»25 сакавіка сілавікі прыйшлі ў кватэру да журналіста Андрэя Пачобута, актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Тры гадзіны доўжыўся ператрус у рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай варажнечы». Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў.
Новы адрас для лістоў Андрэю Пачобуту. Сьледчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.