Міжнародныя арганізацыі і суседнія Беларусі краіны выступілі ў абарону Tut.by

У офісе Tut.by

Акрамя міжнародных арганізацый, адзіным фронтам за беларускіх журналістаў сталі замежнапалітычныя ведамствы ўсіх балтыйскіх дзяржаў.

Новай спробай прымусіць замаўчаць вядучыя незалежныя СМІ ў Беларусі назваў перасьлед беларускага мэдыяпарталу Tut.by генэральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» Крыстоф Дэлюар, паведамляе БелаПАН.

З асуджэньнем блякаваньня парталу і рэпрэсій супраць яго супрацоўнікаў выступіў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

«Гэта недапушчальна і супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі», — напісаў кіраўнік латвійскай дыпляматыі ў Твітэры.

«Рашуча асуджаем рэпрэсіі супраць найбуйнейшага навіннага сайту Беларусі. Беларусь ня могуць і не прымусяць замаўчаць! Будзем сачыць за разьвіцьцём падзей, баючыся за бясьпеку журналістаў, у тым ліку Марыны Золатавай», — гаворыцца ў заяве МЗС Эстоніі.

Рада Эўропы заклікае ўлады Беларусі ўстрымацца ад далейшага ціску на СМІ, пра гэта заявіў прэс-сакратар арганізацыі Даніэль Хольтген.

«Нядаўнія дзеяньні супраць Tut.by і журналістаў выклікаюць трывогу і супярэчаць асноўнаму праву на свабоду выказваньня», — адзначыў ён.

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заявіў, што атака на інтэрнэт-партал Tut.by сьведчыць аб сыстэматычным уціску свабоды слова ў Беларусі і аб надзвычайнай сытуацыі зь бясьпекай журналістаў.

«Барацьба са свабодай слова — гэта сьвядомая вайна з правамі грамадзян на атрыманьне праўдзівай інфармацыі. Журналістыка — гэта пра права ведаць і пра грамадзкі інтарэс, а не пра права ўлады на кантроль і прапаганду. Патрабуем свабоды для беларускіх журналістаў і СМІ», — заявіў старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

Старшая кіраўніца кампаній праваабарончай арганізацыі Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг назвала блякаваньне «баязьлівым крокам з боку ўраду, які баіцца праўды і зьвяртаецца да жорсткасьці для задушэньня правоў чалавека». Па словах Джанг, каля паловы беларускіх-інтэрнэт карыстальнікаў шукалі інфармацыю на заблякаваным уладамі Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт Tut.by заблякавалі, многіх супрацоўнікаў затрымалі. Завялі крымінальную справу. У чым іх вінавацяць

18 траўня быў чорным днём у гісторыі Tut.by. Сілавікі прыйшлі і ў цэнтральны, і ў рэгіянальныя офісы кампаніі Tut.bу, а таксама ў афіляваныя зь ёй Hoster.by і av.by. Вобшукі правялі таксама і ў кватэрах журналістаў. Многіх супрацоўнікаў затрымалі. Завялі крымінальную справу. Сайт Tut.by заблякавалі.

Ганеньні на Tut.by асудзілі ЗША, ЭЗ, АБСЭ, Рада Эўропы, МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі, «Міжнародная амністыя» і іншыя арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі партал
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьнішчаюць найбуйнейшы беларускі партал Tut.by. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Молімся за каманду Тut.by у гадзіну выпрабаваньняў