Паўночная Македонія выслала расейскага дыплямата

Сьцяг Паўночнай Македоніі ў сталіцы краіны, Скоп'е

Паўночная Македонія абвясьціла пэрсонай нон грата расейскага дыплямата. Ён пакіне краіну 18 траўня.

Высылка можа быць зьвязаная з тым, што спэцслужбы краіны палічылі яго пагрозай сувэрэнітэту дзяржавы. Пра гэта паведамляе сайт МКД.мк.

Паводле інфармацыі выданьня, гэта першы выпадак, калі расейскага дыплямата высылаюць з краіны на патрабаваньне спэцслужбаў. У 2018 годзе Скоп'е ўжо абвяшчала супрацоўніка расейскай дыпляматычнай місіі непажаданай пэрсонай, але тады гэта было зроблена з салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй і ЗША пасьля сытуацыі з замахам на былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля ў брытанскім Солсбэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбухі на складзе боепрыпасаў у Чэхіі маглі быць зьвязаныя з пастаўкамі зброі ва Ўкраіну

Імя і ранг высланага дыплямата македонскае выданьне не называе. Расейскія дзяржаўныя агенцтвы паведамляюць, што Масква разглядае меры ў адказ. Звычайна ў такіх выпадках гаворка ідзе пра сымэтрычную высылку — македонскага дыплямата маюць абвясьціць непажаданай асобай у Расеі.

Інцыдэнт у Македоніі адбыўся на фоне масавай высылкі расейскіх дыпляматаў эўрапейскімі краінамі пасьля шпіёнскага скандалу ў Чэхіі. У сакавіку пра раскрыцьцё шпіёнскай сеткі, якая працавала на Расею, абвясьціла Баўгарыя, якая суседнічае з Паўночнай Македоніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Чэхіі вышлюць яшчэ 60 расейскіх дыпляматаў