Фэдэрацыя біятлёну Беларусі адрэагавала на перанос этапу Кубка сьвету з Раўбічаў

Біятлённыя спаборніцтвы ў Раўбічах, ілюстрацыйнае фота

Беларуская фэдэрацыя біятлёну «з глыбокім шкадаваньнем» успрыняла рашэньне выканаўчага камітэту Міжнароднага саюзу біятляністаў (IBU) аб пераносе восьмага этапу Кубка сьвету ў 2022 годзе з цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў Раўбічах у Фінляндыю.

Рашэньне прынята безь якіх-хаця кансультацый зь Беларускай фэдэрацыяй біятлёну, наракаюць спартовыя чыноўнікі ў афіцыйнай заяве. Адзначаецца, што за апошнія гады Беларусь прыняла некалькі міжнародных турніраў (два чэмпіянаты Эўропы, чэмпіянат сьвету сярод юнакоў і юніёраў, этап Кубку IBU, чэмпіянат сьвету ў летнім біятлёне), пасьпяховае правядзеньне якіх ёсьць абавязковай умовай для атрыманьня права на этап Кубка сьвету – 2022.

«Мы перакананыя: наша краіна правяла б спаборніцтвы на самым высокім узроўні, і спадзяёмся, што іх перанос з Раўбічаў застанецца адзіным падобным выпадкам у гісторыі, а шматлікія заўзятары, якія гатовыя запоўніць любую колькасьць глядацкіх месцаў на хатнім стадыёне і зь нецярпеньнем чакалі этапу, яшчэ атрымаюць магчымасьць дакрануцца да сусьветнага біятлёну ў любімай Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце фэдэрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі забралі этап Кубка сьвету па біятлёне: «У сьвятле бягучай сытуацыі»

Раней кіраўніцтва Міжнароднага саюзу біятляністаў вырашыла адмяніць заплянаваны этап Кубку сьвету ў Раўбічах у сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Па гарачых сьлядах галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Юры Альбэрс у камэнтары для тэлеканалу «Беларусь-1» назваў такое рашэньне «сваволяй».

«Зь нейкіх абсалютна надуманых прычынаў — у сувязі са становішчам у краіне... Якое становішча ў краіне? Вы прыяжджайце і паглядзіце на становішча ў краіне, і ўсё самі ўбачыце. Гэта чыста палітычны заказ». А дзе будуць праводзіць? У Кантыялахці ці Астэрсундзе? У адным месцы гледачоў тры чалавекі, у другім — пяць. І гэта калі расейскія заўзятары прыедуць. Для каго праводзіць?» — абурыўся трэнэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біятляністка Сола ўпершыню патлумачыла, чаму не падпісала праўладны ліст спартоўцаў

У фэдэрацыі таксама «прысарамацілі» Міжнародны саюз біятляністаў: маўляў, калі ў лютым 2020 году з прычыны адсутнасьці дастатковага сьнежнага покрыва запатрабаваўся тэрміновы перанос адкрытага чэмпіянату Эўропы з Эстоніі, Беларусь апэратыўна «падставіла плячо». А цяпер, маўляў, атрымала удар у сьпіну.