МЗС Літвы: Абвінавачаньні Менску — гэта спробы апраўдаць уласныя дзеяньні ў таталітарным духу

Будынак Міністэрства замежных спраў Літвы ў Вільні

Літоўскае Міністэрства замежных спраў адрэагавала на пляны беларускіх уладаў шукаць адказных за генацыд беларусаў у Польшчы і Літве.

«Апошнім часам заявы прадстаўнікоў беларускага рэжыму ўжо ня дзівяць. Вартая жалю спроба сказіць і палітызаваць пытаньні гісторыі, як і заява пра спробу арганізаваць перавароты і да таго падобнае, хочуць адцягнуць увагу ад парушэньня правоў чалавека ў гэтыя дні ў Беларусі, унікнуць адказнасьці за пагаршэньне двухбаковых літоўска-беларускіх адносінаў, апраўдаць уласныя рашэньні ва ўнутранай палітыцы ў таталітарным духу», — адзначыла ў камэнтары агенцтву навінаў BNS Міністэрства замежных спраў Літвы, паведаміў Delfi.

16 траўня генпракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў у эфіры БТ, што ўлады зьбіраюцца шукаць адказных за генацыд беларусаў у часы вайны ў Літве і Польшчы.

«Намі выяўленыя зьвесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія лічыліся ў сьпісах і бралі ўдзел у дзейнасьці карных батальёнаў. У першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай. Зараз рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы і будзе накіравана даручэньне аб аказаньні прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы для таго, каб адпаведныя праваахоўныя органы правялі з гэтымі асобамі (а яны яшчэ жывыя, нам вядомае іх месца жыхарства) працэсуальныя дзеяньні ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе», — заявіў Швед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказных за генацыд беларусаў генпракурор прапануе шукаць сярод літоўцаў і палякаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў законы аб «недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» і «супрацьдзеняньні экстрэмізму»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не спадкаемцам фашызму мяне судзіць». Лукашэнка адрэагаваў на заяву адвакатаў у пракуратуру Нямеччыны