Ірына Білык з Украіны адмовілася ад удзелу ў «Славянскім базары». А хто яшчэ?

«Славянскі базар» у Віцебску. Архіўнае фота.

Таксама адмовіліся Наташа Каралёва, Стас П’еха, Аляксандар Буйноў, Міхаіл Галусьцьян, Зара, Аліна Артц, Сяргей Пенкін, Emin, гурт «Рондо» і іншыя.

Са сьпісу артыстаў, запрошаных на «Славянскі базар», зьнікла імя чарговай украінскай сьпявачкі. У раней заяўленай праграме фэстывалю «Славянскі базар» няма Ірыны Білык. Пра гэта паведамілі «Народныя навіны Віцебска».

Ірына Білык павінна была выступаць на адкрыцьці гала-канцэрту. Аднак 15 траўня імя сьпявачкі зьнікла з афішы фэстывалю.

Раней ад удзелу ў «Славянскім базары» адмовілася іншая зорка ўкраінскай сцэны Ціна Караль. У праграме «Славянскага базару» на дадзены момант застаецца пакуль толькі адна прадстаўніца Ўкраіны — Таісія Павалій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны конкурс — „Славянскі базар“», — міністар культуры пра выключэньне Беларусі з «Эўравізіі»

Хто яшчэ адмовіўся?

Сярод тых, каго арганізатары «Славянскага базару» анансавалі ў папярэдняй афішы на сайце фэстывалю, прыяжджаць у Віцебск у 2021 годзе ўжо адмовіліся амаль два дзясяткі выканаўцаў і вядоўцаў. Таму праграма зазнае моцную перапрацоўку.

Удзельнічаць у фэстывалі адмовіліся ўкраінскія выканаўцы Maruv, Алег Віньнік, Эліна Івашчанка, сьпявак з Казахстану Дзімаш Кудайберген, славуты актор і сьпявак з Грузіі Вахтанг Кікабідзэ, расейскія артысты Стас П’еха, Аляксандар Буйноў, Міхаіл Галусьцьян, Зара, Аліна Артц, Сяргей Пенкін, Emin, гурт «Рондо» і беларускі сьпявак Homie.

Расейская поп-сьпявачка Аніта Цой адкрыта ад выступленьня не адмовілася, але заявіла, што сочыць за сытуацыяй.

Шоўмэн Цімур Мірашнічэнка, які больш за 10 гадоў вёў «Славянскі базар» ад Украіны, гэтым разам адмовіўся прыяжджаць у Віцебск. На замену яму на фэстываль запрасілі Андрэя Даманскага, але неўзабаве адмовіўся і ён.

У красавіку ад удзелу ў фэсьце адмовілася расейская сьпявачка Наташа Каралёва.

Хто едзе?

Сярод тых, хто ўсё ж такі прыме ўдзел у канцэрце, — Алег Газманаў, Аляксандар Саладуха, Руслан Аляхно, вядучыя Ўладзімер Бярэзін, Дзмітрый Губерніеў, музычны крытык Сяргей Саседаў.

Раней карыстальнікі зь Беларусі сталі актыўна камэнтаваць сацыяльныя сеткі сьпевакоў. Яны прасілі запрошаных на фэстываль не прыяжджаць у гэты момант, каб «не падтрымліваць дыктатуру, а падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і жыцьцё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэкцыя «Славянскага базару» наракае, што «прыхільнікі апазыцыі» замінаюць падрыхтоўцы фэстывалю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі комік адхрысьціўся ад «Славянскага базару». Дырэкцыя «працуе» над такім паваротам