У часе сустрэчы з Дэндыясам палітык падзякавала грэцкаму боку за «непрызнаньне Лукашэнкі і адмову ўручыць яму даверчыя граматы», паведамляе яе прэс-служба.
«Міністар запэўніў мяне, што ўсе краіны ЭЗ падтрымліваюць беларусаў у нашай барацьбе, не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам. І што пытаньне санкцый і Ўсеабдымнага пляну дапамогі будзе вырашана неўзабаве. Мы рады, што ў нас такія саюзьнікі. І будзем працягваць мабілізаваць палітычную падтрымку ня толькі Эўропы, але і ўсяго сьвету», — заявіла экс-кандыдатка ў прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Грэцыі і папрасіла прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваныхТаксама Ціханоўскую прыняў былы прэмʼер-міністар Грэцыі Георгіяс Папандрэў. «У Папандрэў беларускія карані, яго прадзед Зыгмунт Мінейка быў удзельнікам паўстаньня Каліноўскага 1863 году», — адзначылі ў прэс-службе.
Сустрэча з кіраўніком ураду Паўночнай Македоніі стала першым кантактам Ціханоўскай з уладамі гэтай краіны. Яна падзякавала Зорану Заеву за «ўвядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і актыўную падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі».
Акрамя таго, у пятніцу палітык выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме і заклікала міжнародную супольнасьць правесьці канфэрэнцыю высокага ўзроўню аб Беларусі, а таксама дапамагчы прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у парушэньні правоў чалавека ў краіне, «спыніць гвалт і трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня».
Таксама Ціханоўская ўсклала кветкі да мэмарыялу студэнтам, якія ў 1973 годзе адкрыта выступілі супраць улады хунты «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прадставіў Ціханоўскай праект пляну дапамогі Беларусі