У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як уначы нелегальна пераходзіў беларуска-літоўскую мяжу і што зь ім адбылося пасьля.
13 красавіка меўся адбыцца апэляцыйны суд у крымінальнай справе Арцёма. Але ён вырашыў не ісьці на паседжаньне, а пакінуць Беларусь. Былы студэнт-палітвязень кажа, што знаходжаньне на «хіміі» магло вельмі проста ператварыцца ў турэмнае, паколькі стаўленьне да палітычных асуджаных там горшае. Для гэтага дастаткова трох парушэньняў.
«Была апраметная цемра. Гэта мне спрыяла»
Паколькі Вінакураў быў пад падпіскай аб нявыезьдзе, ён уцякаў зь Беларусі ў абыход афіцыйных памежных пераходаў.
«Я пераходзіў мяжу недзе апоўначы. Была апраметная цемра. Гэта мне спрыяла, бо, як я нічога ня бачу, так і, магчыма, беларускія памежнікі ня змогуць мяне заўважыць. Гэта давала больш шанцаў перайсьці мяжу або хаця б уцячы ад пагоні ці перасьледу».
Да памежных вёсак Вінакураў дабіраўся паўдня на аўтобусе, каб ня выклікаць падазрэньняў. А адтуль ужо пехатою ішоў у бок мяжы.
«Я пераканаўся, што ўсё спакойна. З сабою ў мяне быў цеплавізар, які вельмі дапамог. Было вельмі цёмна, а ўключаць ліхтарык нельга, за 3-4 кілямэтры яго ўбачаць. Цеплавізар дапамог мне вызначыць, ці ёсьць на тым адрэзку мяжы нарад. Бо яны залягаюць у нізіне і займаюць чакальную пазыцыю. Калі я пераканаўся, што няма перашкод, то пайшоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнта Вінакурава за заклік да страйку асудзілі на тры гады «хіміі». Відэа, фота«Сьвяцілі моцныя пражэктары. Гэта было самае нэрвовае месца пераходу»
Адрэзак, які меўся пераходзіць Арцём, быў каля 2 кілямэтраў. Прайсьці яго заняло гадзіну. Давялося ісьці полем і густым лесам.
«Лес ішоў па мяжы. Заставаліся апошнія 500 мэтраў. Гэта было вельмі складана і хвалююча. Недзе за кілямэтар ад сябе я бачыў празь цеплавізар сылюэты людзей. Мяркую, што гэта былі беларускія памежнікі. Але не скажу дакладна, ці гэта перасьледавалі мяне, ці яны проста патрулявалі. У вёсцы, якая была за пару соцень мэтраў ад мяжы, сьвяцілі моцныя пражэктары. Гэта было самае нэрвовае месца пераходу. Я там быў як на далоні ў полі. Але я здолеў прадзерціся, пералезьці цераз плот і апынуцца на літоўскім баку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе трымаюцца годна». Як 12 чалавек судзяць у «справе студэнтаў»«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, бо я ня першы і не апошні»
Паўгадзіны Вінакураў чакаў каля мяжы на літоўскім баку. Пазьней прыехалі літоўскія памежнікі. Арцём заявіў, што просіць у Літве міжнародную абарону.
«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, бо я ня першы і не апошні. Яны адвезьлі мяне на памежную заставу, там апыталі, далі торбу зь ежай і сказалі адпачываць. На другі дзень мяне адвезьлі на ковід-тэст і пасьля нэгатыўнага выніку даставілі на другую заставу, дзе мяне ўжо апыталі іншыя службы, памежнікі і Дэпартамэнт міграцыі».
Але Вінакураў у выніку трапіў у Польшчу, бо меў польскую нацыянальную візу. Цяпер Арцём ва Ўроцлаве, дзе падаў заяву на палітычнае прыстанішча. Ён мае намер працягнуць адукацыю і падаць заяву на стыпэндыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Гэта праграма для беларускіх студэнтаў, якія з палітычных матываў ня могуць атрымаць адукацыю ў Беларусі. Фінансуе праграму польскі ўрад.
Арцём кажа, што будзе працягваць сваю дзейнасьць у страйкаме БДУІР. Паводле былога студэнта-палітвязьня, задачы яго і ягоных сяброў застаюцца нязьменнымі: вызваленьне палітвязьняў, новыя справядлівыя выбары і адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты, турма, скрадзеная маладосьць. За што судзяць студэнтаў і выкладчыцу