Караджыч будзе адбываць пажыцьцёвы тэрмін у брытанскай турме

Радаван Караджыч

Былы лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч, асуджаны трыбуналам у Гаазе да пажыцьцёвага зьняволеньня, будзе адбываць пакараньне ў турме на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Пра гэта паведаміў 12 траўня брытанскі МЗС.

Караджычу цяпер 75 гадоў. У 2016 годзе трыбунал па былой Югаславіі ў Гаазе прысудзіў яму 40 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы вінаватым у генацыдзе басьнійскіх мусульманаў у Срэбраніцы ў 1995 годзе. Тады былі забітыя больш за 8 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэра басьнійскіх сэрбаў Караджыча асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне

У 2019 годзе апэляцыйная інстанцыя павялічыла Караджычу тэрмін да пажыцьцёвага — яго прызналі вінаватым у шэрагу іншых злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах, у тым ліку за ягоную ролю ў арганізацыі кампаніі этнічных чыстак падчас вайны ў Босьніі і ў аблозе Сараева ў 1992–1994 гадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 161 абвінавачаны, хованкі, самагубства — трыбунал па былой Югаславіі завяршае працу

Былога лідэра басьнійскіх сэрбаў арыштавалі ў Бялградзе ў 2008 годзе. Больш за 12 гадоў ён хаваўся.

Акрамя Караджыча, паводле абвінавачаньняў у генацыдзе на пажыцьцёвае зьняволеньне быў асуджаны камандуючы сіламі басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч. 8 чэрвеня суд у Гаазе агучыць рашэньне па ягонай апэляцыі на прысуд.