Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Грэцыі і папрасіла прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваных

Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнтка Грэцыі Катэрына Сакелярапулю

Прэзыдэнтка Грэцыі Катэрына Сакелярапулю прыняла Сьвятлану Ціханоўскую ў прэзыдэнцкім палацы ў Афінах і выказала падтрымку беларускаму народу.

Пра сустрэчу піша афіцыйны тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала кіраўніцтву Грэцыі за тое, што яе амбасадар не ўручыў даверчых грамат Лукашэнку, які страціў легітымнасьць і давер беларускага народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыняў даверчыя лісты 6 замежных амбасадараў. Краін Эўразьвязу і ЗША сярод іх няма

Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, яна расказала пра бяспраўе і эскаляцыю рэпрэсій у Беларусі, пра суды ў справах Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, журналістаў і студэнтаў. Паведаміла пра нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў турмах і папрасіла Грэцыю прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваных і сем'і палітвязьняў.

«Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская заклікала падтрымаць рабочых і страйкамы, а таксама дапамагчы студэнтам і спартоўцам, якія апынуліся пад ціскам рэжыму і ня могуць працягваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Адзначыла, што важна даць магчымасьць адлічаным студэнтам заставацца і працягваць дзейнасьць у Беларусі, атрымліваючы адукацыю ў ВНУ Грэцыі», — гаворыцца ў паведамленьні яе прэсавай службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматычнай службы ЭЗ: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі маюць прыняць «у найбліжэйшыя тыдні»

Гэтаксама Сьвятлана Ціханоўская і Кацярына Сакелярапулю таксама абмеркавалі чацьвёрты пакет санкцый Эўразьвязу і ўсеабдымны плян дапамогі для Беларусі.

Ціханоўская заклікала жыхароў Грэцыі падтрымаць беларусаў у глябальны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю 29 траўня, гадавіну затрыманьня Сяргея Ціханоўскага.