У ЗША пасьля хакерскай атакі на паліваправод пачаўся дэфіцыт бэнзыну

Чэргі на АЗС у ЗША

Хакеры атакавалі трубаправод Colonial, які пастаўляе амаль палову паліва на ўсход Злучаных Штатаў Амэрыкі. Аўтазапраўкі пачалі закрывацца, а людзі — панічна скупляць паліва там, дзе яно яшчэ засталося, пагаршаючы сытуацыю.

Атака адбылася 8 траўня. Да гэтага трубаправод даўжынёй амаль 9 тысяч кілямэтраў ніколі не спыняўся. Каб аднавіць ягоную працу, спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён.

Надпіс на запраўцы: «У нас ёсьць толькі дызэльнае паліва»

Не засталося ніякага паліва

ФБР заявіла, што за атакай на Colonial стаіць хакерская сетка DarkSide, якая ўзьнікла летась і вымагае ў сваіх ахвяраў грошы з дапамогай адмысловых праграм.

Экспэрты кібэрбясьпекі кажуць, што сетка, імаверна, базуецца ў Расеі ці Ўсходняй Эўропе. У той жа час прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 10 траўня заявіў, што няма ніякіх доказаў датычнасьці расейскіх уладаў да кібэратакі на Colonial, але ёсьць доказы, што хакеры ці праграмы-вымагальнікі, якія яны выкарыстоўвалі, месьцяцца ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША западозрылі ГРУ ў акустычных атаках на амэрыканскіх дыпляматаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакладзе вайсковай выведкі ЗША пра пагрозы бясьпецы Беларусь згадваецца адзін раз