Цяпер Лілія разам зь некалькімі сотнямі альпіністаў знаходзіцца ў лягеры ў Нэпале, за некалькі кілямэтраў ад вяршыні, і рыхтуецца да ўзыходжаньня. Праз спадарожнікавую сувязь Свабодзе ўдалося зьвязацца з альпіністкай.
Лілія Яноўская, 61 год. Грамадзянка Канады і Беларусі. Нарадзілася ў Івянцы, гадавалася ў Менску. Закончыла матэматычны факультэт БДУ, пазьней атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне фінансавага аналізу. Замужам, мае трох дачок. У 1990-я гады сям’я эмігравала ў Канаду. Лілія пачала займацца альпінізмам пасьля нараджэньня трэцяй унучкі, ва ўзросьце 50 гадоў. Менш чым праз два гады паднялася на гару Кіліманджара ў Танзаніі. Да 2013 году Лілія здабыла найвышэйшы пік у Паўднёвай Амэрыцы, Аканкагуа ў Аргентыне (6962 м) і да 2017 году паднялася на дзесяць пікаў па ўсім сьвеце, уключаючы гару Матэрхорн у Швайцарыі (4478 м), Рэйнэр у ЗША, а таксама стратавульканы ў Мэксыцы, Эквадоры і Пэру.
Сьцісла
- Калі мне споўнілася 50, сямʼя ўжо сфармавалася, дзеці вырасьлі, у іх зьявіліся свае дзеці, а ў мяне — свая мэта: прабегчы маратон і ўзабрацца на гару Кіліманджара.
- Кожны раз, калі я ступаю на ледавік, я дома, я адчуваю, што я знаходжуся менавіта там, дзе мушу знаходзіцца.
- Я адчуваю прыналежнасьць да абедзьвюх краінаў і вельмі хачу ўбачыць Беларусь краінай, якая дазваляе сваім грамадзянам рэалізоўваць свае таленты і патэнцыял.
- Беларуская рэвалюцыя, як сьнежная лявіна. Зьмятаючы статус-кво на сваім шляху, лявіна трансфармуе ляндшафт і стварае новыя магчымасьці, часам адкрываючы новыя шляхі ўзыходжаньня там, дзе іх не было раней.
«Пакуль ніводная беларуская жанчына на вяршыню Эвэрэсту не падымалася»
— Мы гутарым з вамі напярэдадні вашага ўзыходжаньня на Эвэрэст, самую высокую гару ў сьвеце. Ці першая вы беларуска, якая будзе ўзыходзіць на Эвэрэст? Што гэта значыць для вас асабіста, для беларускага альпінізму, для беларускага жаночага альпінізму?
— На сёньняшні дзень крыху больш за 10 беларусаў падняліся на васьмітысячнікі сьвету. Толькі двое зь іх жанчыны. Гэта я і Ірына Велянкова, якая дзякуючы неймавернай волі да жыцьця перажыла ноч на маленечкім участку скалы, на вяршыні 7000 мэтраў, у шторм, бязь ежы, вады і кіслароду. Ёй прыйшлося ампутаваць ступні ног.
Толькі чатыры беларусы заваявалі Эвэрэст: Віктар Кульбачэнка ў 1998 годзе, потым праз восем гадоў Уладзіслаў Каган, Віктар Лутаў і Ўладзімер Цяльпук у 2006 годзе.
Пакуль ніводная беларуская жанчына не паднялася на Эвэрэст. Бел-чырвона-белы сьцяг уздымалі над Эвэрэстам толькі аднойчы — Кульбачэнка ў 1998 годзе.
Тут у лягеры знаходзіцца яшчэ адна жанчына зь Беларусі, Ала Касабуцкая. Калі я зьбіралася ў экспэдыцыю, пра гэта ня ведала. Нечакана высьветлілася, што яна вучылася з маёй сярэдняй дачкой у адной школе ў Беларусі. Калі ў яе атрымаецца, я ўсімі сіламі яе падтрымаю. Тут няма ніякага спаборніцтва паміж намі, таму што ўзыходжаньне вельмі складанае фізычна. Ня выключана, што ніводная з нас ня здолее, а можа, нехта і ўзыдзе на вяршыню. Такім чынам, цяпер у лягеры дзьве беларускі, якія зьбіраюцца ўзьняцца на вяршыню Эвэрэсту. У нашым лягеры людзі з розных краінаў сьвету. Міністэрства турызму Нэпалу сёлета выдала рэкордную колькасьць дазволаў на ўзыходжаньне — 408.
«Я прабегла свой першы маратон, паднялася на Кіліманджара і зразумела, што гэта не было канчатковай мэтай»
— Вы сталі альпіністкай у 50 гадоў, пасьля нараджэньня трэцяй унучкі. Цяжэй было фізычна ці маральна? Хто ў вас верыў? Ці шмат было скептыкаў?
— Самым вялікім скептыкам, напэўна, была мая маці, якая заўсёды казала, што не разумее, навошта мне гэта трэба, «лепей бы ты зьезьдзіла на курорт ці схадзіла ў рэстарацыю». Спачатку было складана, ды і цяпер усё яшчэ цяжка. Я захаплялася дасягненьнямі польскіх альпіністаў яшчэ дзяўчынкай-падлеткам. Але гэта было ў Савецкім Саюзе 1970-х гадоў, і рухацца па сьлядах Ванды Рудкевіч і Войтэка Куртэкі было немагчыма, у СССР проста не было мэханізму і неабходнай падтрымкі, якая дазволіла б мне ажыцьцявіць сваю мару.
Калі мне споўнілася 50, сямʼя ўжо сфармавалася, дзеці вырасьлі, у іх зьявіліся свае дзеці, а ў мяне — свая мэта: прабегчы маратон і забрацца на гару Кіліманджара. Я пачынала павольна і рухалася паступова, узважваючы свае сілы і акуратна павялічваючы нагрузку. Калі я была не гатовая, то працавала над тым, каб падняць узровень. Я прабегла свой першы маратон, цягам двух гадоў паднялася на Кіліманджара і зразумела, што гэта не было канчатковай мэтай, а толькі пачаткам, бо я хацела рухацца далей.
Мае дочкі мяне падтрымлівалі — настолькі, што мы з малодшай дачкой Дашай разам зрабілі больш за дзясятак узыходжаньняў. Але больш за ўсё маю сямʼю турбавалі рызыкі, зьвязаныя з экспэдыцыямі. Усё ж альпінізм — небясьпечны від спорту. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі бегаюць маратоны па ўсім сьвеце. 7 захапляльных гісторый«У гарах я адчуваю сябе па-сапраўднаму жывой»
— Што для вас самае галоўнае пры ўзыходжаньні?
— У першую чаргу гэта любоў да гор. Кожны раз, калі я ступаю на ледавік, — я дома, я адчуваю, што я знаходжуся менавіта там, павінна знаходзіцца. Горы — гэта неймаверная прыгажосьць, і, каб іх па-сапраўднаму ўбачыць і адчуць, трэба пераступіць празь сябе не адзін раз. Іх трэба настойліва дамагацца. Дасягнуць пастаўленай мэты хочацца заўсёды. Вяртаньне дадому, так і ня ўзяўшы вяршыню, прыносіць пачуцьцё надзвычайнага расчараваньня.
Горы — гэта тэст на трываласьць і жаданьне зразумець, на што я здольная. Але ў той самы час гэта і магчымасьць пабыць сам-насам з сабой і сваімі лімітамі, і ўсьведамленьне таго, што нават калі я раблю ўсё магчымае — я бясконца малая перад бязьмежнымі прасторамі і вечнасьцю, якія мяне атачаюць. У гэтым ёсьць свая паэзія, прыгажосьць. У гарах я адчуваю сябе па-сапраўднаму жывой.
— Вы нарадзіліся ў Івянцы, вучыліся і працавалі ў Беларусі, потым зьехалі ў Канаду. Якую краіну вы будзеце прадстаўляць пры ўзыходжаньні?
— Альпінізм — гэта не алімпійскі від спорту, гэта вельмі індывідуальны спорт.
Я нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Беларусь сфармавала мяне як асобу. Я імігравала ў досыць сталым узросьце, мне было ўжо 39 гадоў. У душы я беларуска. Але Канада дала мне асяродак, у якім я змагла рэалізаваць свой патэнцыял і ажыцьцявіць свае мары. Канада дазволіла мне зразумець, што альпінізм у 50 гадоў — гэта магчыма. І, больш за тое, гэта магчыма для мяне. Я абсалютна вольная выбіраць, ці хачу я пячы пячэньне для ўнукаў, чытаць раманы, падымаць штангу, бегаць маратоны, займацца бізнэсам або стаць альпіністкай. Канада дала мне свабоду.
Я адчуваю прыналежнасьць да абедзьвюх краінаў і вельмі хачу ўбачыць Беларусь краінай, якая дазваляе сваім грамадзянам рэалізоўваць свае таленты і патэнцыял, не патрабуючы нічога ўзамен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы на Эвэрэсьце«Беларуская рэвалюцыя — як сьнежная лявіна»
— Ці сочыце вы за падзеямі на радзіме? Ці можна параўнаць з альпінізмам рух беларусаў за мірныя перамены? Калі зрабіць альпінісцкую мэтафару, то на якім этапе беларусы цяпер?
— Тое, што здавалася недасяжнай марай яшчэ некалькі гадоў таму — ужо зусім побач. Празь некалькі дзён мяне чакае штурм вяршыні Эвэрэсту. На гэта мне спатрэбілася 10 гадоў, і няма ніякіх гарантый. 10 гадоў упартай працы, штодзённых трэніровак і дысцыпліны — але самае цяжкае яшчэ наперадзе. Трэба ня толькі здолець падняцца, але і знайсьці ў сабе сілы спусьціцца назад, вярнуцца дадому. Гэта будзе сапраўдным выпрабаваньнем на трываласьць.
Беларуская рэвалюцыя — як сьнежная лявіна. Зьмятаючы статус-кво на сваім шляху, лявіна трансфармуе ляндшафт і стварае новыя магчымасьці, часам адкрываючы новыя шляхі ўзыходжаньня там, дзе іх не было раней. Але лявіна ніколі не падыме вас наверх — заваёўваць вяршыню прыйдзецца самому, крок за крокам, сашчапіўшы зубы, перамагаючы свой страх і не здаючыся. Воля і ўпартасьць рухацца да мэты ня прыйдзе звонку, яна ўнутры нас, і яе можна і неабходна разьвіваць. Галоўнае — памятаць, што вяршыня, як свабода, — яна ёсьць, яна адчувальная, і за яе варта змагацца.
Кожны па-рознаму ідзе да сваёй перамогі. Некаторыя спартоўцы прымаюць стэроіды, некаторыя навукоўцы купляюць дыплёмы. Папраўдзе, гэтак сама і ў альпінізьме.
Некаторыя альпіністы падымаюцца на верталёце і праходзяць апошні кілямэтар да вяршыні, дэкляруючы перамогу за пару дзён ці тыдняў там, дзе астатнім спатрэбіліся гады трэніровак і месяцы, праведзеныя ў экспэдыцыі. Ёсьць тыя, хто фальсыфікуе фатаздымкі зь вяршынь, або тыя, хто проста купляе сэртыфікаты пра ўзыходжаньне. Але набытая або выкрадзеная перамога — гэта і не перамога зусім. Каштоўнасьць сапраўднай перамогі ва ўнутранай трансфармацыі.
— Ці шмат жанчын, ці шмат жанчын у вашым узросьце адважваюцца на ўзыходжаньне на найбольш высокія і складаныя вяршыні сьвету?
— Ёсьць розная статыстыка. З 3600 альпіністаў, якія ўзышлі на Эвэрэст, толькі 16% — жанчыны. Наколькі мне вядома, беларусак, якія заваявалі васьмітысячнікі, толькі дзьве. Калі маё ўзыходжаньне будзе пасьпяховым, я стану самай узроставай канадкай, якая пабывала на Эвэрэсьце. Але ўзрост не перашкода. Самая дарослая жанчына, якая паднялася на Эвэрэст, — японка Tamae Watanabe, якая ўзяла пік у 73 гады.
— Які ваш дэвіз у гарах?
— Вяршыня ёсьць. І за яе варта змагацца.
— Ці падымеце вы сьцяг і які?
— Сьцягі маіх краінаў абʼядноўваюць чырвоны і белы колеры. Калі я здолею ўзысьці на вяршыню, я з гонарам падыму абодва сьцягі, асабліва беларускі нацыянальны. Я захапляюся беларускім жаночым рухам пасьля выбараў 2020 году Я хачу падкрэсьліць, што беларуская жанчына можа падняцца на самую высокую гару. У яе хапае фізычнай і маральнай сілы, волі, настойлівасьці, упэўненасьці. Беларускі сьцяг будзе першым, які я падыму на вяршыні.