Расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай завяршылася, цяпер яна знаёміцца з матэрыяламі справы.
Яе абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, паведамілі Свабодзе ў штабе Віктара Бабарыкі:
- змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357),
- заклікі у СМІ ці інтэрнэце да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361),
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім (ч. 1 арт. 361-1).
Самае вялікае пакараньне Марыі Калесьнікавай пагражае паводле артыкулу 357 — ад 8 да 12 гадоў зьняволеньня.
На публічным акаўнце Калесьнікавай у Фэйсбуку раней зьявіўся зварот.
Справу Марыі і Максіма Знака выдзелілі ў асобнае вядзеньне. 11 траўня стала вядома, што Знаку выставілі канчатковыя абвінавачаньні, але зьвесткі з папярэдняга сьледзтва і нават прозьвішчы сьледчых адвакаты гаварыць ня могуць. Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, які бароніць інтарэсы Знака, абвінавачаньне яму «складаецца з абстрактных фармулёвак, зь якіх абсалютна няясна, у чым менавіта палягаюць дзеяньні Максіма, расцэненыя сьледчым як злачынства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачаньне, справу неўзабаве перададуць у судМарыю Калесьнікаву схапілі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».
У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай у красавіку перасталі перадаваць лісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасольства ЗША перадало прэмію Марыі Калесьнікавай яе бацьку