Знаны беларускі адвакат Сяргей Зікрацкі, у якога ў сакавіку забралі ліцэнзію, зьехаў у Вільню і стаў прадстаўніком Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміў сайт палітыка.
Зікрацкі будзе адказваць за прававыя пытаньні ў Офісе Ціханоўскай, а таксама
- аналізаваць беларускія законы,
- распрацоўваць рэформу прававых мэханізмаў абароны правоў беларусаў,
- каардынаваць працу ў пытаньнях унівэрсальнай юрысдыкцыі, Міжнароднай плятформы адказнасьці, пазоваў у іншых краінах супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму,
- узаемадзейнічаць з праваабарончымі арганізацыямі.
«Перад намі стаіць задача абараняць правы беларусаў на міжнародным узроўні і падрыхтаваць канцэпцыю рэформы заканадаўства ў самых розных сфэрах, каб укараніць іх у новай Беларусі», — заявіў Зікрацкі.
Сяргей Зікрацкі, пакуль у яго не забралі ліцэнзію, абараняў
- журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, калі яе судзілі за стрым з «плошчы Пераменаў»,
- Tut.by, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ,
- супрацоўнікаў беларускага «Прэс-клюбу»,
- юрыста штабу Віктара Бабарыкі Максіма Знака.
Пасьля пазбаўленьня ліцэнзіі ён з жонкай і дваімі дзецьмі зьехаў у Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 2020 году я казаў, што буду займацца толькі бізнэсам». Вялікая гутарка з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, у якога забіраюць ліцэнзію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая праца ў Літве будзе зьвязаная зь Беларусьсю». Вядомы юрыст Сяргей Зікрацкі пакінуў краіну