Пажар у Будслаўскім касьцёле: пачалі крымінальную справу

Паводле дадзеных сьледзтва, раніцай 11 траўня паступіла паведамленьне аб узгараньні касьцёла ў аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёну. Задымленьне даху заўважыла мясцовая жыхарка, якая паведаміла пра гэта супрацоўніку касьцёла.

Сьледча-апэратыўная група праводзіць агляд месца здарэньня з выкарыстаньнем магчымасьцяў перасоўнай крыміналістычнай лябараторыі.

Мядзельскі раённы аддзела Сьледчага камітэту па гэтым факце распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі асобай, адказнай за іх выкананьне, што пацягнула па неасьцярожнасьці ўзьнікненьне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Будславе гарэў касьцёл. Часткова абваліўся дах

Для выяўленьня прычыны пажару прызначанае правядзеньне комплекснай пажарна-тэхнічнай экспэртызы.

У выніку пажару, паведамленьне пра які паступіла ў МНС у 7.47, у касьцёле абваліўся дах. Сьвятыню і маёмасьць удалося вынесьці. У 11.24 пажар быў лякалізаваны, у 15.21 — ліквідаваны. Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі папрасіла вернікаў дапамагчы ў аднаўленьні касьцёла.