Зяленскі пра імаверны наступ Расеі з Крыму і Беларусі: эскаляцыя прывядзе да новай усясьветнай вайны

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі мяркуе, што Расея не наважыцца на поўнамаштабны наступ на Ўкраіну, разумеючы, што такім чынам можа быць разьвязаная новая ўсясьветная вайна.

«Мяркую, што Расея ня можа на гэта пайсьці, таму што гэта будзе, на маю думку, усясьветная вайна. Гэта вельмі небясьпечна. Баяцца няма каго і няма чаго, таму што мы на сваёй зямлі і абараняем яе. Страшна толькі ад такіх падзеяў і ад такіх пагрозаў, што могуць быць такія крокі», — сказаў Уладзімір Зяленскі, адказваючы сёньня ў Кіеве на пытаньне журналістаў аб магчымай новай хвалі вайсковай эскаляцыі і наступу Расеі з боку анэксаванага Крыму, акупаванага ўсходу Ўкраіны і празь Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар Блінкен: ЗША не пакінуць без адказу любыя агрэсіўныя дзеяньні Масквы

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што «такія крокі гістарычна прыводзяць заўсёды да вялікіх стратаў — сотняў тысяч, мільёнаў людзей».

«Мне здаецца, што нягледзячы на экспэртныя думкі, якія сьцьвярджаюць пра верасень, я мяркую, што такой магутнай эскаляцыі ня можа быць», — мяркуе Ўладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Расея можа напасьці на Ўкраіну. Некалькі магчымых сцэнароў

Кіраўнік украінскай дзяржавы дадаў, што ў часе нядаўняй расейскай эскаляцыі ўздоўж дзяржаўных межаў Украіна правяла эфэктыўную дыпляматычную працу, у выніку якой Эўропа і ЗША прадэманстравалі сваю падтрымку незалежнасьці Ўкраіны. На пытаньне, ці справіцца Ўкраіна самастойна ў выпадку вайсковага канфлікту з Расеяй, Уладзімір Зяленскі сказаў: «Будзем змагацца да апошняга».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне разглядаюць беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2021» як пагрозу бясьпецы ў рэгіёне

Сёлета ў студзені Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра нібыта нарошчваньне вайсковага патэнцыялу ў памежных краінах. У сувязі з гэтым супольна з расейскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».

Плянуецца, што манэўры пройдуць цягам тыдня — ад 10 да 16 верасьня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расеі.

Аналягічныя вучэньні прайшлі ў 2017 годзе на шасьці палігонах і двух участках мясцовасьці ў Беларусі і трох палігонах у Расеі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.

За вучэньнямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.