Каля 10-й гадзіны дах над цэнтральнай навай касьцёла быў цалкам зьнішчаны агнём і абрынуўся. Працягваў гарэць дах над бакавымі навамі. Усярэдзіне было вялікае задымленьне, абрынулася адна з жырандоляў, паведамляе Catholic.by.
Каля 11-й гадзіны пажар у Нацыянальным Санктуарыі быў патушаны.
На месца здарэньня выехалі пажарныя. Усярэдзіну зайсьці было немагчыма, працавалі на лесьвіцах. З Газы (Астравецкі раён) у Будслаў былі скіраваныя дадатковыя пажарныя разьлікі, у распараджэньні якіх былі пажарныя драбіны вялікай даўжыні для тушэньня даху на высокіх будынках.
Як паведаміў сайту Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзьмітры Дубовік, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасьля зьяўленьня дыму былі вынесеныя ў бясьпечнае месца.
З дапамогаю валянтэраў з касьцёла таксама было вынесена ўсё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасьці, абразы, кнігі і іншыя пераносныя рэчы.
Будслаў — нацыянальны санктуарый, куды штогод сьцякаюцца тысячы паломнікаў зь Беларусі і замежжа. Славу сьвятыні прынёс манумэнтальны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі XVII стагодзьдзя з цудатворнай іконай Панны Марыі.
У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна прызнаў храм «Малой базылікай». Усяго ў Беларусі тры храмы з гэтым тытулам: касьцёл у Будславе, сабор Сьвятога Францішка Ксавэрыя ў Горадні і сабор Ушэсьця Дзевы Марыі ў Пінску. Ва ўсім сьвеце толькі каля дзьвюх тысяч храмаў маюць тытул Малой базылікі, і прыкладна траціна зь іх - у Італіі.
Штогод у Будславе адбываецца Будслаўскі фэст — ушанаваньне цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Фэсту папярэднічае масавая пілігрымка на пачатку ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. З розных гарадоў у Будслаў пешкі дабіраюцца тысячы вернікаў зь Беларусі, Польшчы і Расеі.