«Хамас» заявіў аб ракетных абстрэлах Ізраілю. Ізраіль нанес удар па Сэктары Газы

Палестынцы са сьцягам на мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме, 10 траўня 2021

Радыкальны палестынскі рух «Хамас» заявіў, што 10 траўня абстраляў Ізраіль ракетамі.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters, дадаючы, што абстрэл быў, відаць, рэакцыяй руху на раненьне больш за 300 палестынцаў у сутыкненьнях з паліцыяй Ізраілю каля мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме.

Пазьней агенцтва Associated Press паведаміла, што Ізраіль у адказ нанес ракетны ўдар па Сэктары Газы. Паводле палестынскіх уладаў, загінулі як найменей 20 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 200 чалавек пацярпелі ў сутыкненьнях пратэстоўцаў з паліцыяй ва ўсходнім Ерусаліме

Беспарадкі ва ўсходнім Ерусаліме працягваюцца з 7 траўня. За тры дні, паводле зьвестак ад лекараў і праваахоўных структур, пацярпелі больш за тры сотні палестынцаў і больш за 20 ізраільскіх паліцыянтаў. Сілы правапарадку ўжывалі сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты — у адказ на камяні і іншыя прадметы, якія ляцелі ў іх бок.

Сутыкненьні зьвязваюць з судовымі слуханьнямі паводле даўняй скаргі, зь якой зьвярнуліся некалькі палестынскіх сем’яў. Больш за 70 чалавек незадаволеныя распараджэньнем уладаў выселіць іх з займаных дамоў на карысьць ізраільскіх пасяленцаў. Першапачаткова слуханьні плянаваліся на 10 траўня, але паводле рашэньня генпракурора Ізраілю іх адклалі.