Друкарня апавясьціла рэдакцыю Intex-press, што ад 9 траўня «ў аднабаковым парадку» скасоўвае дамову на аказаньне сваіх паслуг.
Як паведамляе Intex-press, прычыны такога кроку кіраўніцтва друкарні не паведаміла. «Просім прабачэньня і спадзяемся на паразуменьне», напісана ў канцы афіцыйнага ліста.
За інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай Intex-press трапіла пад жорсткі прэсінг з боку ўладаў. Лёс выданьня ўпершыню за 26 гадоў яго існаваньня апынуўся пад рэальнай пагрозай.
Цягам апошніх двух тыдняў ад продажу газэты адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі Баранавічаў, у дачыненьні да выдавецкага дому «Intex-press» былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы, прызначаныя велізарныя штрафы і распачатая праверка ў сувязі з магчымым крымінальным перасьледам.
- На наступны дзень пасьля публікацыі інтэрвію, 15 красавіка, Уладзімер Янукевіч быў выкліканы ў пракуратуру на сустрэчу з баранавіцкім міжраённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Той паведамляе, што галоўнаму рэдактару «Intex-press» вынесена папярэджаньне: на думку пракуратуры, апублікаваўшы інтэрвію зь Ціханоўскай, выданьне парушыла патрабаваньне Закону «Аб СМІ» аб недапушчальнасьці распаўсюду інфармацыі, «накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасьцi або якая зьмяшчае заклікі да такой дзейнасьці, гвалту і жорсткасьці, іншай інфармацыі, распаўсюджаньне якой здольнае нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забаронена заканадаўствам краіны». Дзе менавіта ў інтэрвію ўсё гэта ўгледзелі, Янукевічу не патлумачылі.
- 26 красавіка суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы ў асобе судзьдзі Мікалая Кміты прызнае Ўладзіміра Янукевіча вінаватым у распаўсюдзе ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, незарэгістраванага ў якасьці сеткавага выданьня, інфармацыі, распаўсюджаньне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі, і прызначае яму максымальнае пакараньне — 20 базавых велічыняў штрафу (580 рублёў).
- 28 красавіка рэдакцыя газэты атрымлівае ліст ад РУП «Белпошта» аб тым, што газэта ня будзе ўключаная ў падпісны каталёг на другое паўгодзьдзе 2021 году.
- «Белсаюздрук» і гандлёвыя сеткі таксама не захацелі больш распаўсюджваць газэту «Intex-press».
- 30 красавіка інтэрнэтная і газэтная вэрсіі інтэрвію зь Ціханоўскай ўключаныя ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
- 5 траўня рэдакцыя атрымлівае пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі. У дакумэнце, які даслалі па электроннай пошце, гаворыцца, што рашэньнем суду Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газэце 14 красавіка, прызнанае экстрэмісцкім, у сувязі з гэтым Мінінфарм «папярэджвае юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газэты ”Intex-press”, ТАА „Выдавецкі дом Intex-press”, аб недапушчальнасьці парушэньня патрабаваньняў артыкулу 38 Закону аб СМІ» і паведамляе, што «дапушчаныя парушэньні неабходна ліквідаваць» і паведаміць пра гэта да 14 траўня.
- 5 траўня эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Выдавецкага дому «Intex-press» за распаўсюд СМІ інфармацыі, распаўсюджаньне якой забароненае. Суд прызнаў «Выдавецкі дом Intex-press» вінаватым у распаўсюдзе СМІ інфармацыі, распаўсюджаньне якой забаронена, і прызначыў штраф 150 базавых велічынь (4350 рублёў).