У латвійскім цэнтры разьмяшчэньня ўцекачоў — успышка каранавірусу, там абʼявілі карантын. І ўцекачы, і работнікі цэнтру аказаліся пад замком, паведаміла «Настоящее время».
Пры канцы красавіка ў Фэйсбуку зьявіўся допіс, што адзін з уцекачоў захварэў на COVID-19, але яму некалькі дзён не аказвалі дапамогу, лекар адмаўляўся выклікаць «хуткую». Стан мужчыны пагоршыўся настолькі, што ён у цяжкім стане трапіў у рэанімацыю.
«Праблема ёсьць канкрэтна з доктарам, — сказала ўцякачка зь Беларусі Наста Захарэвіч. — Да доктара пытаньні былі і раней, гэтыя пытаньні агучвалі, але доктар не мяняецца. Пэрсанал да нас ставіцца добра. Я ні разу ня бачыла тут пагардлівага стаўленьня».
Лекар усе прэтэнзіі адмаўляе.
«Гэта ўсё няпраўда, усе людзі ў гэтым цэнтры знаходзяцца пад заўсёдным мэдычным кантролем. Задзейнічаны ўсе патрэбныя спэцыялісты. І хуткую дапамогу мы выклікаем. Чалавек, пра якога ідзе гаворка, у якога кавід у самай цяжкай форме, — я сам асабіста выклікаў яму хуткую дапамогу для шпіталізацыі. Ягоны стан пагаршаўся», — сказаў сямейны лекар Алфрэдс Азаліньш.
Грамадзкія арганізацыі, якія дапамагаюць уцекачам у Латвіі, кажуць, што праблема ня столькі ў канкрэтным лекары, колькі ў сыстэме ў цэлым.
«Корань праблемы ў тым, што няма аднаго каардынацыйнага кіраўніцтва, хто нясе адказнасьць за гэта. Кожнае міністэрства адказвае за сваю частку, і шмат выпадкаў, калі міністэрствы перадаюць палачку адно аднаму і няма нікога, хто насамрэч адказны за ўсю гэтую тэму ўцекачоў», — сказаў кіраўнік арганізацыі дапамогі ўцекачам у Латвіі Эгілс Грасманіс.
Колькі будзе доўжыцца карантын, ніхто ня ведае. З 65 уцекачоў хварэюць 42 чалавекі, двое ў шпіталі.
«Пэрсанал лягера, які аказаўся гэтак жа з намі закрыты, і, па сутнасьці, цяпер працуе, як быццам гэта кавідны стацыянар, хоць яны ня мэдыкі, але вымушаныя так працаваць, яны робяць усё, што могуць. Мэдычная частка нароўні з гэтым, гэта катастрофа», — адзначыла Наста Захарэвіч.
У пятніцу зьявілася інфармацыя, што мужчыну, якога забралі зь лягера ў цяжкім стане, перавялі з рэанімацыі ў аддзяленьне для пацыентаў сярэдняй цяжкасьці. Ягоная жонка і дзіцё таксама заразіліся каранавірусам і ізаляваныя ў лягеры.
Сытуацыю цяпер кантралюе не адзін дзяжурны лекар, а эпідэміёлягі цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Негалоснае правіла — не размаўляць пра рэпрэсіі. Як я жыву ў лягеры ўцекачоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы ў мяне кніжкі замаўлялі». Як жыве «самы хуткі журналіст Горадні», якому зламалі абедзьве рукі