«Ніякі дыктатар не трымае каля сябе людзей, якім ён абавязаны»

11 сакавіка 2011

Вайсковы экспэрт Ягор Лебядок аналізуе, які ўплыў на настроі сілавікоў можа мець рашэньне Лукашэнкі пазбавіць вайсковых званьняў каля 80 асобаў, і разважае на тэму, ці здольныя сілавікі адчуць сваю асаблівую палітычную ролю.

Сьцісла

  • Заканадаўства гарантуе нейкія матэрыяльныя ільготы — але раптам аказваецца, што гэтага няма, і чалавек яшчэ раз падумае, ці варта ісьці ў тыя структуры.
  • Многія не задумваюцца пра будучыню, нібыта лічаць, што Лукашэнка будзе вечны. Мала хто здольны аналізаваць, што будзе далей.
  • Лукашэнка ніколі ня будзе трымаць кагосьці моцнага каля сябе.
  • Калі ўлада палічыць, што ўжо сілавікі не настолькі важныя, то будзе зноў Макей больш важны.

— Аляксандар Лукашэнка днямі пазбавіў афіцэрскіх званьняў звыш 80 былых міліцыянтаў, памежнікаў і вайскоўцаў. Гэта тыя, хто адзначыўся нязгодай зь дзеяньнямі існуючай улады. Які ўплыў на маральны стан цяперашніх сілавікоў можа мець гэтае рашэньне? Калі чалавек сумленна служыць сваёй радзіме, але бачыць, што ў любы момант, калі ён будзе нязгодны з уладай, яго могуць пазбавіць тых сацыяльных дабротаў, якія належаць людзям у пагонах. Як гэта можа паўплываць на аўтарытэт службы ў пагонах?

— Вядома, галоўная мэта гэтага рашэньня — паўплываць на паводзіны тых, хто цяпер у сыстэме. Каб афіцэры, асабліва тыя, каму да пэнсіі засталося няшмат, на самых адказных пасадах — каб яны не спадзяваліся, што выйдзеш на пэнсію і будзеш вольны. Каб трымалі язык за зубамі і не казалі нічога, што адрозьніваецца ад «лініі партыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўленьне званьня правяло мяжу паміж мной і Карпянковым», — Мікалай Казлоў

Плюс гэта тактыка дробных паскудзтваў. Бо сярод пазбаўленых званьняў ня толькі тыя, хто выступіў зараз супраць улады, але і тыя, хто даўно ўжо выступае, тыя, хто ў нечым удзельнічаў, і тыя, хто проста выступаў у сацсетках — сабралі ўсіх, на каго была нейкая крыўда. І на іх прыкладзе прадэманстравалі, што можа стацца з тымі, хто яшчэ ў сыстэме.

— Паводле беларускага заканадаўства кіраўнік дзяржавы мае права такое рабіць? Як гэта выглядае ў іншых краінах? Мы бачым у фільмах ці ў СМІ, як і ў іншых краінах афіцэраў за нейкія ўчынкі пазбаўляюць гэтага званьня. Гэта ўсё законна?

— Так. Але звычайна гэта робіцца пасьля рашэньня суду. Можна ўзгадаць, як намесьніка дзяржсакратара Рады Бясьпекі Ўцюрына пазбавілі званьня пасьля асуджэньня за карупцыю. А тут, калі пачытаць указ, дык нават ніякага тлумачэньня няма — за што. Проста «пазбавіць званьня». Толькі ў СМІ было сказана, што гэта была ініцыятыва кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Але юрыдычна кіраўнік дзяржавы мае на гэта права.

— Думаю, што на кухнях і ў курылках многія людзі ў пагонах зараз крытычна абмяркоўваюць гэтае пазбаўленьне званьняў, але публічна пра гэта, зразумела, ня выкажуцца. Ці можа гэта прывесьці да нейкіх канкрэтных наступстваў у дзеяньнях сілавікоў?

— Думаю, не. Усе яны і так даўно разумелі, у якой сыстэме працуюць. Але была надзея, што вось выйдзеш адтуль, будзе вялікая пэнсія, — а цяпер высьвятляецца, што яе могуць і пазбавіць. Дарэчы, трэба адзначыць, што ня ўся пэнсія забіраецца, а толькі яе частка, тое, што даецца «за званьне». Тым больш, калі табе 48 гадоў, можаш яшчэ працаваць кім заўгодна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнбэрг

Ці выкліча гэта абурэньне — вядома, так. Раней нічога падобнага не было, так ня робіцца, нікім гэта ня ўспрымецца як нешта станоўчае. Але — так, публічна будуць маўчаць.

— Калі ў дыскусіях абмяркоўваюць, чаму людзі ў пагонах маюць так шмат сацыяльных дабротаў (раньнія пэнсіі, ільготныя крэдыты) — то ў адказ звычайна кажуць, што без усяго гэтага мала хто пайшоў бы служыць. А як з гэтага пункту гледжаньня ўказ Лукашэнкі паўплывае на тых маладых людзей, якія хочуць зьвязаць сваё жыцьцё зь сілавымі структурамі? Бо ім фактычна сказана, што ўлада ў любы час можа пазбавіць вас і званьняў, і пэнсіі?

— Гэта вельмі добрае пытаньне. Зараз, у гэтыя дні, якраз ідзе ўступная кампанія. Але і Вайсковая акадэмія, і Акадэмія МУС пакуль не апублікавалі, якія ў іх конкурсы. Гэта будзе даволі цікавы паказьнік, як падзеі 2020 году адбілася на моладзі, як яна ўспрымае службу ў арміі і міліцыі.

Але ж, безумоўна, калі ты бачыш, што заканадаўства гарантуе нейкія матэрыяльныя льготы — але раптам аказваецца, што гэтага няма, то чалавек яшчэ раз падумае, ці варта ісьці ў тыя структуры. Так што фінансавы і матэрыяльны чыньнік, які даволі моцны ў прыняцьці такога рашэньня, цяпер істотна зьменшыцца.

— На вашу думку, які маральны стан цяпер у беларускіх сілавікоў? Ці адчуваюць яны «перамогу», сваю значнасьць? Ці, можа, наадварот, з трывогай задумваюцца пра тое, што будзе пасьля? Ці не падаецца, што большасьць сілавікоў ня здольныя зазірнуць у будучыню пасьля Лукашэнкі?

— Думаю, трэба адрозьніваць сілавікоў, яны вельмі розныя. Адны наўпрост былі задзейнічаныя ў здушэньні народных выступаў, іншыя — не. Што тычыцца першых, то яны, відаць, і адчуваюць «перамогу», атрымалі свае ўзнагароды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці кажа, што АМАП вельмі клясны». Як жывуць сем’і, дзе канфліктуюць праз палітыку

Што тычыцца іншых, большасьці, то незразумела, з чаго ім радавацца. Каго перамаглі — народ, NATO? Што тычыцца будучыні — так, многія не задумваюцца, нібыта лічаць, што Лукашэнка будзе вечны. Мала хто здольны аналізаваць, што будзе далей. Тыя, хто блізка да пэнсіі, думае пераважна пра тое, як спакайней даседзець да гэтай выслугі гадоў і хутчэй сысьці. Але відавочна, што большасьць схільная да статус-кво, іх захоплівае рутына, робяць тое, што і заўсёды рабілі.

— Часам сярод камэнтатараў гучаць вэрсіі, што беларускія сілавікі могуць адчуць сваю палітычную вагу, сваю новую, больш істотную ролю. Мне ж падаецца, што яны застаюцца проста выканаўцамі чужых загадаў і ня здольныя да нейкіх самастойных палітычных дзеяньняў. А ваша думка?

— Гэта памылка лічыць, што яны адчуваюць нейкую сваю ролю. Трэба разумець псыхалёгію Лукашэнкі. У гісторыі так заўсёды было, што кожны дыктатар не трымае каля сябе таго, каму ён абавязаны захаваньнем улады.

Быў Караеў — і вось ён ужо не міністар. Лукашэнка заўсёды праводзіць актыўную ратацыю, недзе год-два можна пабыць наверсе, нейкія плюшкі атрымліваць. Але надалей вас хутка заменяць іншымі кадрамі. Лукашэнка ніколі ня будзе трымаць кагосьці моцнага каля сябе.

Заўважце, нікога ж канкрэтна не падаюць як «пераможцу», як быў «маршал перамогі Жукаў». Няма такога, як «маршал перамогі Кубракоў ці Карпянкоў». І гэта сьвядомая палітыка, каб не было яркай асобы ва ўладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія адвакаты ад імя 10 рэпрэсаваных беларусаў патрабуюць прызнаць Лукашэнку і ягоны рэжым «тэрарыстычнымі»

Патрэбы сілавога блёку зараз першасныя для Лукашэнкі, і грошы і рэсурсы ён ім будзе даваць. Але гэта не азначае, што іхны ўплыў стаў большы. Калі ўлада палічыць, што ўжо сілавікі не настолькі важныя, то будзе зноў Макей больш важны, ужо пасылаюць яго на Захад. Хоць на самой справе гэта ня «ўплыў», а проста перанос увагі з аднаго сэктару на іншы.