«У 1994 годзе заходнія дзяржавы, заключыўшы Будапэшцкі мэмарандум наўзамен на добраахвотную адмову нашай краіны ад ядзернай зброі, гарантавалі Беларусі ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць палітычнай незалежнасьці Беларусі і не ўжываць меры эканамічнага прымусу... І, як мы зараз бачым, гэтыя гарантыі ня вартыя нават паперы, на якой яны напісаныя», — заявіў Галоўчанка на ўрачыстым сходзе з нагоды чарговай гадавіны перамогі ў Палацы Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў дыктатара няма палітычнай будучыні, ён пачынае займацца гістарычным мінулымПаводле яго, у XXI стагоддзі гібрыдныя вайны пераходзяць у гарачую фазу.
«Сёньня ўсё часьцей гучаць заклікі з-за мяжы, што нам ня трэба сьвяткаваць Дзень перамогі. Трэба, як эўрапейцы, адзначаць дзень памяці і прымірэньня, а дзесьці ён называецца днём памяці і смутку... Мы смуткуем аб ахвярах, мы памятаем жахі вайны, мы прынялі вашы просьбы аб прымірэньні. Але каюцца хай тыя, хто прынёс на нашу зямлю пакуты і разбурэньні і разьвязаў генацыд беларускага народа. І нашу перамогу ў нас нікому не забраць», — цытуе Галоўчанку прэс-служба ўраду.
Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што Беларусь «ня ўстане на калені перад любой пагрозай»:
«Будзем узмацняць моц Узброеных сіл, умацоўваць сыстэму калектыўнай бясьпекі, разьвіваць ваеннае супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй, з АДКБ», — сказаў Галоўчанка.