Штрафы і арышты 7 траўня: 13 сутак за жэст «V» каля месца гібелі Тарайкоўскага, штраф за ручнікі на бальконе

Ілюстрацыйнае фота

43-гадовую Тацьцяну Грудзько асудзілі за тры ручнікі і тры сьняжынкі на бальконе. На судзе яна заявіла, што гэта былі ня белыя і чырвоныя ручнікі, а бэжавага, барвовага і малочнага колераў зь фіялетавымі палоскамі.

Міліцыянты ручнікі канфіскавалі і склалі пратакол за незаконнае пікетаваньне. Калі яны прыйшлі ў кватэру, сьняжынак на вакне ўжо не было.

6 траўня судзьдзя Воўк вырашыў, што справа вартая штрафу ў 2030 рублёў, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Затрыманых каля месца гібелі Тарайкоўскага менчукоў, асудзілі на 13 сутак

Максіма Сідарэнку і Аляксандра Пуставалава затрымалі 6 траўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Міліцыянты абвінавацілі іх у «пікетаваньні шляхам паднятай рукі ўверх і дэманстрацыі жэсту „вікторыя“». ✌️

На судзе сьведка-міліцыянт заявіў, што ўвагу хлопцы прыцягнулі тым, што запалілі зьнічы. Юнакі сказалі, што гэтага не рабілі.

Максім Сідарэнка на судзе патлумачыў, што яны зь сябрам «прыйшлі на месца гібелі Тарайкоўскага, каб выказаць сваю павагу і падтрымку».

Судзьдзя Марыя Ярохіна арыштавала хлопцаў на 13 сутак, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».

За сэрцайкі ў ліфце жыхарку Ждановічаў асудзілі ўжо двойчы за чатыры дні

А ўсяго абвінавацілі ў шасьці эпізодах.

51-гадовую Натальлю Сьляпцову з Ждановічаў, што пад Менскам, затрымалі 30 красавіка і абвінавацілі ў шасьці «пікетаваньнях».

На камэру трапіла, як яна ў ліфце выдзяляла маркерам чырвонага колеру надпісы «Жыве», «Беларусь» і малявала сэрцайка.

3 траўня судзьдзя Казей арыштаваў яе на 12 дзён, а 6-га судзьдзя Кропачаў дадаў яшчэ 10 сутак, паведаміла «Вясна назірае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1740 рублёў штрафу курʼеру, які вёз ежу. За што яшчэ судзяць у Беларусі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У красавіку ў Беларусі судзілі за сэрцайкі, белыя аркушы на вокнах, сьцягі і зьнічы