Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Блінкен наведвае з візытам Кіеў.
Паводле слоў дзяржсакратара, ЗША і іх саюзьнікі вельмі сур’ёзна паставіліся да нядаўняга нарошчваньня расейскіх войскаў ля межаў з Украінай і ў анэксаваным Крыме і выразна далі Расеі зразумець, што любыя агрэсіўныя дзеяньні ў адносінах да Ўкраіны не застануцца без наступстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская пагроза, бясьпека ў Чорным і Азоўскім морах. Што абмяркоўваў дзяржсакратар ЗША ў КіевеБлінкен не стаў наўпрост казаць аб захадах, якія ЗША прынялі б у выпадку ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, аднак адзначыў, што Расея адчула б нэгатыўныя наступствы гэтага кроку «у розных сфэрах». Дзяржсакратар ЗША таксама заявіў, што Злучаныя Штаты і ў будучыні гатовыя аказваць Украіне дапамогу, каб забясьпечваць магчымасьць яе самаабароны ад агрэсіі. На пытаньне аб магчымых пастаўках узбраеньняў, у прыватнасьці сыстэм СПА, Блінкен адказаў, што мінабароны ЗША ўважліва разгледзіць усе запыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Прадпрыемствы, закранутыя санкцыямі, спрыяюць рэпрэсіям супраць беларускага народуПаводле слоў дзяржсакратара, ЗША рэагуюць на агрэсіўныя дзеяньні Расеі не таму, што шукаюць з ёй канфрантацыі, а таму, што пэўныя дзеяньні нельга пакідаць беспакаранымі. У якасьці прыкладу ён прывёў дзеяньні Расеі ў 2014 годзе, калі быў анэксаваны Крым і пачаўся ўзброены канфлікт у Данбасе. Як сказаў Блінкен, калі б Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі палічылі дзеяньні Расеі прымальнымі, гэта быў бы сыгнал для ўсяго сьвету, што перамагае права моцнага і прынцып сфэр уплыву ў сусьветнай палітыцы. Паводле яго слоў, ЗША выступаюць за захаваньне міжнародных нормаў і правілаў, а таксама за права народу Ўкраіны, як і іншых краінаў, самому вырашаць свой лёс.