Слуханьні адбываліся ў онлайн-фармаце, іх вялі амэрыканскія кангрэсмэны, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговэрн і аўтар «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сьміт.
Адкрываючы слуханьні, кангрэсмэн Сьміт, у прыватнасьці, сказаў, што выбары 2020 году ў Беларусі былі скрадзеныя і сапраўднай пераможцай на іх была Сьвятлана Ціханоўская.
Кангрэсмэн Макговэрн адзначыў, што Беларусь была названая найбольш небясьпечнай краінай Эўропы для журналістаў. Ён заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць блогера і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка, журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, а таксама ўсіх журналістаў і іншых палітычных вязьняў.
Міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе расказала пра масавыя рэпрэсіі і катаваньні ў Беларусі. Яна адзначыла, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларусы ясна бачылі альтэрнатыўных кандыдатаў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу — але тых пасадзілі ў турму альбо прымусілі пакінуць Беларусь.
«На гэты час ужо больш за 35 тысяч арыштаў, больш за 3 тысячы крымінальных спраў, як найменш 8 чалавек былі забітыя, тысячы выпадкаў жорсткага зьбіваньня і катаваньняў — і ніводнай справы супраць вінаватых у гвалце рэжыму», — сказала Ціханоўская.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, для палітычнага разьвязаньня ў Беларусі неабходныя тры крокі:
1. Нацыянальны дыялёг і прымірэньне на аснове вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і аднаўленьня іх правоў;
2. Новыя свабодныя і справядлівыя выбары;
3. Рэформа палітычнай сыстэмы, аднаўленьне вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека.
Сьвятлана Ціханоўская заклікала ЗША надалей ізаляваць Лукашэнку, арганізаваць міжнародную канфэрэнцыю па разьвязаньні палітычнага крызісу ў Беларусі, а таксама павялічыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, незалежных СМІ і бізнэсаў.
Адказваючы на пытаньне кангрэсмэна Сьміта, Сьвятлана Ціханоўская сказала, што санкцыі — эфэктыўны інструмэнт ціску на Лукашэнку. Паводле яе, народ Беларусі ўжо пакутуе і таму гатовы падтрымаць санкцыі супраць рэжыму.
Санкцыі супраць расейскіх алігархаў
Дэйвід Крэймэр, дасьледчык зь Міжнароднага ўнівэрсытэту Флорыды і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, у сваім выступе заклікаў да санкцыяў ня толькі супраць беларускіх бізнэсоўцаў, якія фінансуюць Лукашэнку, але і блізкіх да Лукашэнкі расейскіх алігархаў, а таксама расейскіх прапагандыстаў, найперш з тэлеканалу RT.
У прыватнасьці, ён назваў Міхаіла Гуцэрыева, Германа Грэфа, расейскія банкі ВТБ, ВЭБ і «Газпромбанк», а таксама кампаніі «Газпром», «Славнефть», «Роснефть» і «Уралкалий».
Сярод паплечнікаў Лукашэнкі, якія маюць быць асноўнымі мішэнямі санкцый, ён назваў Віктара Шэймана, Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб'я, Аляксандра Зайцава, Аляксандра Машэнскага і Ўладзімера Пефціева.
Акрамя таго, паводле Крэймэра, мішэні санкцыяў таксама маюць быць на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, зь якім Лукашэнка мае шчыльныя бізнэс-сувязі. «Эміратам і іншым у рэгіёне трэба выбіраць: падтрымліваць Лукашэнку ці застацца ў добрых стасунках са Злучанымі Штатамі».
Даць ясны сыгнал Расеі
Дэйвід Крэймэр таксама адзначыў, што трэба даць ясныя сыгналы Расеі пра непрымальнасьць захопу Беларусі — захопу вайсковымі ці эканамічнымі сродкамі.
Дырэктар Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве Адам Эбэргард у сваім выступе, у прыватнасьці, адзначыў, што ўплыў Расеі, які і раней быў вялікі, вырас яшчэ больш у сувязі зь дзеяньнямі Лукашэнкі і міжнароднай ізаляцыяй Беларусі. Паводле яго, Лукашэнка — асноўная крыніца слабасьці беларускай незалежнасьці. Адам Эбэргард падкрэсьліў што вельмі важна падтрымліваць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў.
Аналітык, рэдактар сайта Window on Eurasia Пол Гоўбл у сваім выступе адзначыў, што многія на Захадзе ня хочуць памятаць, што хоць Лукашэнка і зьяўляецца намінальным аўтарам аўтарытарнай сыстэмы ў Беларусі, яна была зробленая ў Маскве. Паводле Гоўбла, тыя людзі на Захадзе, якія хочуць бачыць Беларусь сапраўднай дэмакратыяй, павінны засвоіць урок, што без сваёй краіны дэмакратыі быць ня можа.
Пазьней у дыскусіі Пол Гоўбл сказаў, што беларусы павінны атрымаць ясны сыгнал — пасьля зьмены ўлады яны маюць шанцы стаць паўнавартаснымі чальцамі міжнароднай супольнасьці, у тым ліку быць інтэграванымі ў NATO і ў эўрапейскую эканоміку.