Прыхільнікам Трампа прапануюць зарэгістравацца на сайце і дапамагчы камандзе былога прэзыдэнта «зрабіць Амэрыку зноў вялікай».
Акаўнт Трампа быў заблякаваны сацсеткай Twitter, а таксама прыпынены ў Facebook і YouTube пасьля студзеньскага штурму Капітолію. З тых часоў экс-прэзыдэнт публікуе свае паведамленьні ў выглядзе прэс-рэлізаў. Цяпер усе яны будуць разьмяшчацца на новым сайце. Карыстальнікі змогуць «лайкаць» публікацыі Трампа і дзяліцца імі ў Facebook і Twitter.
У сакавіку дарадца Трампа Джэйсан Мілер анансаваў зьяўленьне новай сацыяльнай сеткі. Цяпер, камэнтуючы ў Етвітэры адкрыцьцё сайту Трампа, ён падкрэсьліў, што гэты вэб-рэсурс не зьяўляецца разрэклямаванай раней сацсеткай.
На сайце ўжо зьявіліся першыя запісы. Сярод іх — публікацыі, якія паўтараюць прызнаныя ілжывымі сьцьвярджэньні Трампа пра тое, што нібыта менавіта ён, а ня Байдэн, выйграў леташнія прэзыдэнцкія выбары.
5 траўня назіральная рада кампаніі Facebook пацьвердзіла ранейшае рашэньне аб «замарозцы» акаўнту Трампа і ў найбліжэйшыя месяцы вырашыць, што з гэтым акаўнтам рабіць далей — аднавіць ці назаўжды зачыніць. YouTube абяцаў аднавіць рахунак Трампа толькі пасьля таго, калі адміністрацыя відэагостынгу вырашыць, што пагроза «гвалту» з боку пасьлядоўнікаў былога прэзыдэнта паменшыцца. У Twitter на рахунак Трампа былі падпісаныя амаль 90 мільёнаў карыстальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп намякнуў, што можа ўдзельнічаць у выбарах 2024 году