Байдэн плянуе сустрэчу з Пуціным у чэрвені падчас паездкі ў Эўропу

Джо Байдэн выступае ў Кангрэсе ЗША, 28 красавіка 2021

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў пра гатовасць правесьці прапанаваны ім расейска-амэрыканскі саміт падчас яго паездкі ў Эўропу ў чэрвені.

«Я на гэта спадзяюся і разьлічваю. Мы працуем над гэтым», — паведаміў прэзыдэнт Байдэн, адказваючы ў аўторак на пытаньні журналістаў.

Джо Байдэн выправіцца ў сваю першую замежную паездку ў якасьці прэзыдэнта ў Вялікабрытанію, дзе ён возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў краін-удзельніц «Вялікай сямёркі», якая пройдзе ад 11 да 13 чэрвеня. 14 чэрвеня ён адправіцца ў Брусэль на саміт краін-удзельніц NATO, а затым сустрэнецца зь лідэрамі краін Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы маглі б пайсьці далей». Байдэн засьцярог Расею ад умяшаньня ў амэрыканскую дэмакратыю

Ідэю правядзеньня амэрыканска-расейскага саміту прэзыдэнт Байдэн высунуў у красавіку, яна стала нечаканасьцю для амэрыканскіх назіральнікаў. Джо Байдэн абвясьціў, што ён гатовы сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у трэцяй краіне і абмеркаваць праблемы, якія выклікаюць рост напружанасьці ў адносінах паміж дзьвюма краінамі. Сярод гэтых праблем — расейская пагроза ў дачыненьні да Ўкраіны, расейскія кібэратакі супраць амэрыканскіх кампутарных сетак, перасьлед у Расеі Аляксея Навальнага і яго прыхільнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пагутарыў па тэлефоне з Пуціным і прапанаваў сустрэцца

Паводле Юрыя Ушакова, дарадцы прэзыдэнта Пуціна, падрыхтоўка да сустрэчы двух прэзыдэнтаў ідзе поўным ходам. Абмяркоўваюцца канкрэтныя даты сустрэчы ў чэрвені.