Адвакат журналіста Дзяніса Івашына 3 траўня наведала яго ў карцары горадзенскай турмы № 1, паведаміла БелаПАН маці зьняволенага Людміла Івашына.
Адвакатка расказала, што ў камэры вельмі халодна. Вызваліць яго з карцара павінны ў чацьвер а 17-й гадзіне. Яму далі 7 сутак карцару зь нейкіх бытавых прычынаў.
«Я лічу, што гэта катаваньні, і на гэта трэба рэагаваць», — заявіла Людміла Івашына.
На пытаньне, як Дзяніс сябе адчувае, яна паведаміла, што ў яго нармальны настрой, ён разумее сытуацыю. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што зь яе сынам ніякіх сьледчых дзеяньняў не вядзецца.
«Абсалютна нічога ня робіцца, яго проста пазбавілі волі з мэтай, каб ён нічога не пісаў і не даносіў людзям праўду, як я гэта разумею», — адзначыла маці палітвязьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родныя не атрымалі ад журналіста Івашына ніводнага лістаІвашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка ў яго горадзенскай кватэры і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі ператрусы ў кватэры журналіста, дома ў маці Івашына, а 15 сакавіка адбыўся ператрус у яго 95-гадовай бабулі.
Івашына папярэдне арыштавалі на 2 месяцы. 19 сакавіка яму прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу «Ўзьдзеяньне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай зьмены характару яго законнай дзейнасьці шляхам абвяшчэньня зьвестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы».
Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што журналісцкія расьсьледаваньні Івашына, а менавіта падрыхтоўка сэрыі публікацый аб праходжаньні службы былых супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзяленьня ўкраінскай міліцыі «Беркут» у складзе беларускага АМАПу перасьледвалі легітымную мэту давядзеньня да ведама людзей інфармацыі, якая мае сацыяльную значнасьць. Інфармацыя для правядзеньня расьсьледаваньня бралася з адкрытых крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На абароне рэжыму Лукашэнкі. Што вядома пра былых беркутаўцаў, якія апынуліся ў беларускім АМАПе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён змагаўся за праўду». Чым вядомы Дзяніс Івашын, якога затрымаў КДБ, і пры чым тут Украіна