Сьвятлану Алексіевіч ушанавалі званьнем ганаровага доктара Свабоднага ўнівэрсытэту Брусэлю

На ўрачыстай штогадовай цырымоніі «Дня перамен» у рамках адзначэньня Міжнароднага дня свабоды друку, арганізаванай Свабодным унівэрсытэтам Брусэлю, пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч надалі тытул ганаровага доктара гэтага ўнівэрсытэту.

Сёлета ўвага арганізатараў імпрэзы была прысьвечаная жанчынам у журналістыцы. У нядзелю 2 траўня ў дыскусіі «Жанчыны-журналісткі за навіннымі паведамленьнямі» ўзяла ўдзел беларуская журналістка Ганна Любакова.

У панядзелак урачыстая імпрэза «Вялікія жанчыны расказваюць вялікія гісторыі» была прысьвечаная ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч і юрыстцы і грамадзянскай журналістцы з Кітаю Чжан Чжань.

Чжан Чжань асьвятляла сытуацыю вакол пандэміі COVID-19 ва Ўхані і паведамляла нецэнзураваную інфармацыю пра тое, што насамрэч адбываецца ў месцы, адкуль пачалося пашырэньне хваробы. Кітайскія ўлады арыштавалі яе і ў сьнежні 2020 году асудзілі на 4 гады турэмнага зьняволеньня.

Чжан Чжань атрымала ганаровы тытул ляўрэата Дня перамен 2021. На цырымоніі паказалі відэазапіс яе паведамленьня з Ухані зь лютага 2020 году. «Ня дайце Кітаю стаць Паўночнай Карэяй!» — гучала яе пасланьне сьвету.

Сьвятлана Алексіевіч: Я не дапісала сваю гісторыю «чырвонага чалавека»...

Сьвятлана Алексіевіч атрымала падчас цырымоніі тытул ганаровага доктара Свабоднага ўнівэрсытэту Брусэлю.

Зьвяртаючыся празь відэасувязь да ўсіх, хто сачыў за імпрэзай, Сьвятлана Алексіевіч у сваёй кароткай прамове, сярод іншага, сказала:

«У 1990-я гады, калі мы вучыліся прамаўляць уголас на вуліцах і плошчах некалі забароненае слова “свабода”, нам здавалася, што свабода — гэта сьвята, якое прыйдзе вельмі хутка, яно ўжо за рогам. І раптам выявілася, што свабода — гэта ня сьвята, гэта развал, хаос, войны на ўскраінах імпэрыі, гэта народ, які зьняверыўся ў нас і ў самым слове “свабода”, пачаў баяцца гэтага слова. І зрабілася зразумела, што свабода — гэта доўгі шлях, і гэта зусім ня сьвята, а доўгая-доўгая праца...

Мяне ўразіла, як хутка ў нас зноў запрацавала сталінская машына — як быццам не было гэтых трыццаці гадоў спробы свабоды, размоваў пра свабоду, кніг пра свабоду. Гэта ўсё некуды зьнікла. Але зьнікла не назусім... Рэвалюцыя пайшла з вуліц, але яна засталася ў нашай галаве. Мы ўжо ніколі ня будзем такімі, як раней. Тыя маладыя людзі, якія сёньня супраціўляюцца, — яны дамогуцца свабоды. Гэтая свабода прыйдзе, бо сучаснага чалавека ўжо нельга зрабіць несвабодным...

Калі я даведалася пра ўзнагароду, я ўспомніла ўсё гэта і падумала, што я не дапісала сваю гісторыю “чырвонага чалавека”. Камунізм не памёр. Ён выйшаў, каб даць нам апошні бой. І ўжо нашы дзеці і ўнукі разам з намі супраціўляюцца яму. І я зноў пішу новую кнігу...»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч піша кнігу пра падзеі ў Беларусі. «Я ўражаная, як хутка зноў запрацавала сталінская машына»

Паводле стану на 3 траўня — Міжнародны дзень свабоды друку, у беларускіх турмах за сваю прафэсійную дзейнасьць утрымліваюцца 11 журналістаў: Андрэй Аляксандраў, Ксенія Луцкіна, Сяргей Альшэўскі, Кацярына Андрэева, Ала Шарко, Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Дар’я Чульцова, Дзяніс Івашын, Андрэй Пачобут і Пётра Слуцкі.