Пра гэта сказана ў заяве на сайце ЭК. Дазвол таксама прапануецца пашырыць на вакцыны, якія Сусьветная арганізацыя здароўя ўхваліла для ўжываньня ў экстраных сытуацыях.
На гэты момант у Эўразьвязе зарэгістраваныя вакцыны ад кампаній AstraZeneca, Pfizer / BioNTech, Moderna і Johnson & Johnson. Расейскі прэпарат «Спутник V» ад сакавіка чакае зацьвярджэньня Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў. Расейскай вакцыны няма пакуль і ў сьпісе вакцын, рэкамэндаваных САЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ ухваліла вакцыну Moderna для экстранага прымяненьняПры гэтым дзьве краіны ЭЗ — Вугоршчына і Славаччына — закупілі расейскую вакцыну самастойна (яны маюць такое права, бо «Спутник V» ня ўключаны ў сыстэму цэнтралізаваных закупак ЭЗ), прычым у Вугоршчыне яе выкарыстоўваюць пры вакцынацыі, а ў Славаччыне — пакуль не. Купля расейскай вакцыны, ня ўхваленай ЭЗ, выклікала ў Славаччыне ўрадавы крызіс, які прывёў да адстаўкі прэм’ер-міністра.
Вугоршчына таксама застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая ўжывае кітайскія вакцыны супраць COVID-19, перш за ўсё Sinopharm.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалася вакцынацыя насельніцтва ад COVID-19- У Беларусі адзінай ухваленай вакцынай ад каранавірусу надалей застаецца расейскі «Спутник V». Нават у выпадку, калі расейскую вакцыну бліжэйшым часам ня ўхваляць у ЭЗ, у беларускіх турыстаў тэарэтычна магла б зьявіцца іншая магчымасьць для ўезду ў Эўразьвяз.
- Эўракамісія прапанавала пашырыць пералік краін, жыхарам якіх будзе дазволены ўезд, уключыўшы ў сьпіс бясьпечных з пункту гледжаньня пашырэньня каранавірусу тыя краіны, дзе за апошнія 14 дзён адзначалася менш за 100 выпадкаў інфэкцыі на 100 тысяч жыхароў.
- Аднак, паводле афіцыйнай статыстыкі, гэты паказьнік у Беларусі цяпер складае амаль 180 (за апошнія 2 тыдні было зафіксавана амаль 17 тысяч выпадкаў заражэньня пры насельніцтве 9 467 000 чалавек).
Рашэньне аб тым, ці адкрываць межы для турыстаў з такіх краін, будуць прымаць не асобныя краіны-сябры ЭЗ, а Рада Эўразьвязу. Падкрэсьліваецца, што ўмовай уезду ў любым выпадку будзе нэгатыўны тэст на каранавірус або неабходнасьць карантыну.
На пачатку сакавіка, як пісала Financial Times, Эўракамісія накіравала ў дыпляматычныя ведамствы краін ЭЗ асноўныя прынцыпы стварэньня так званых ковід-пашпартоў для зьняцьця абмежаваньняў да турыстычнага сэзону. Раней аб увядзеньні электронных сэртыфікатаў вакцынацыі ад каранавірусу дамовіліся лідэры краін Эўразьвязу. Аднак некаторыя краіны ЭЗ тады заявілі, што ўвядзеньне дакумэнта дыскрымінуе тых, у каго няма магчымасьці зрабіць прышчэпку з прычыны недахопу вакцын ад COVID-19.
Апошнім часам тэмпы вакцынацыі ў Эўропе паскорыліся: на канец красавіка кожны чацьвёрты жыхар ЭЗ атрымаў першую дозу вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі, а дзьве дозы — кожны дзясяты.