«Вельмі цяжкі». Мэдыкі расказалі пра стан здароўя падлеткаў, шпіталізаваных пасьля пажару і электратраўмы

Фота з пажару ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёну. 28 красавіка.

Як паведамляюць лекары, абодва падлеткі падлучаныя да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. 

Як паведаміла Міністэрства здароўя Беларусі, стан падлеткаў, якія 23 і 29 красавіка былі дастаўлены верталётам у Рэспубліканскі апёкавы цэнтар, па-ранейшаму вельмі цяжкі. Падлеткі знаходзяцца пад дынамічным наглядам лекараў, ім праводзіцца неабходнае лячэньне.

23 красавіка Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня арганізаваў тэрміновую дастаўку верталётам МНС Мі-8 (з мэдыцынскім модулем на борце), дзіця з Мьсьціслаўскай ЦРБ. Падлетак 2004 году нараджэньня атрымаў электратраўмы. Пры першым аглядзе ў яго былі дыягнаставаныя апёкі рознай ступені цяжкасьці — да 70%.

Другі трагічны выпадак адбыўся 29 красавіка. 12-гадовы падлетак, знаходзячыся дома без бацькоў, спрабаваў патушыць пажар. Ратуючы малодшага брата, атрымаў сур’ёзныя траўмы. Яго даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар БХМД зь Мядзельскай ЦРБ. Малодшы брат не пацярпеў, а падлетка шпіталізавалі, ён у вельмі цяжкім стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12-гадовы падлетак выратаваў свайго малодшага брата ад пажару на Мядзельшчыне