Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у тэлефоннай размове з кіраўніком ураду Чэхіі Андрэем Бабішам падкрэсьліў, што нядаўнія дзеяньні Прагі спрыялі павышэньню бясьпекі Чэхіі і NATO, — паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Нэда Прайса, Блінкен і Бабіш падкрэсьлілі неабходнасьць адзінства і рашучасьці ў адказ на «дэстабілізуючы дзеяньні Расеі». Рашэньне Чэхіі выслаць 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Празе дзяржсакратар назваў «мужным адказам на падрыўныя і сьмяротныя дзеяньні» і «сур’ёзным скарачэньнем прысутнасьці расейскай выведкі» ў краіне. Таксама ён ухваліў рашэньне ўраду Чэхіі аб выключэньні «Росатому» з удзельнікаў тэндэру для пабудовы пятага блёка АЭС «Дукаваны».
Бабіш напісаў у Твітэры, што Блінкен запэўніў яго ў падтрымцы ЗША адносна «варожых нападаў» з боку Расеі.
Сьледзтва ў Чэхіі лічыць, што выбухі на складах боепрыпасаў у вёсцы Вэрбеціцы ў 2014 годзе арганізавалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Расеі (ГРУ), у тым ліку датычныя да атручэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры у 2018 годзе. Чэхія выслала 18 меркаваных супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія працавалі ў расейскай амбасадзе ў Празе. Расея ў адказ выслала 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады. Пасьля гэтага Чэхія паведаміла аб дадатковай высылцы расейскіх дыпляматаў — так, каб штаты амбасадаў дзьвюх краін зраўняліся. Расея дачыненьне да выбухаў у Чэхіі адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбухі на складзе боепрыпасаў у Чэхіі маглі быць зьвязаныя з пастаўкамі зброі ва Ўкраіну