У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 29 красавіка захварэлі 361 063 чалавекі, памерлі — 2 562, а 351 816 паправіліся і выпісаліся.
Адным сказам:
- Сусьветная арганізацыя здароўя ўхваліла амэрыканскую вакцыну Moderna для выкарыстаньня ў надзвычайных сытуацыях; раней САЗ ухваліла вакцыны Pfizer/BioNTech, Astrazeneca-SK Bio, Serum Institute of India, Janssen.
- За 1 траўня Індыя зафіксавала рэкордныя 401 993 новых заражэньняў каранавірусам; станам на гэты дзень агульная колькасьць сьмяротных ахвяраў склала 211 853 чалавекі.
- Міністэрства здароўя Аўстраліі заявіла, што з 15 траўня кожнаму аўстралійцу, які вернецца дадому зь Індыі, пагражае 5 гадоў пазбаўленьня волі альбо штраф у памеры $50 000, альбо абодва гэтыя пакараньні.
- Міністэрства аховы здароўя ЗША ацэньвае, што каранавірусам заразілася траціна насельніцтва краіны.
- У Бразыліі лік сьмерцяў ад каранавірусу перавысіў 400 тысяч.
Праваслаўныя сьвяткуюць Вялікдзень ва ўмовах каранавірусных абмежаваньняў
У Расіі сёлета, у адрозьненьне ад папярэдняга Вялікадня, строгія абмежаваньні ня ўводзіліся. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў на велікоднай службе, што Вялікдзень дае надзею на спыненьне распаўсюду COVID-19. Вернікі іншых краін таксама прасілі як мага хутчэй перамагчы хваробу падчас сьвяточных багаслужбаў.
У Ерусаліме напярэдадні Вялікадня вернікі сабраліся каля храма Гроба Гасподняга на цырымонію сыходжаньня Жыватворнага агню. Прайсьці на тэрыторыю храма дазвалялася толькі тым, хто прышчапіўся ад COVID-19.
Сусьветны патрыярх Варфаламей I правёў у гэтыя выходныя некалькі сьвяточных службаў пры абмежаваным ліку вернікаў з прычыны строгага локдаўну ў Турэччыне.
У Грэцыі на пэрыяд сьвятаў таксама дзейнічаюць абмежаваньні, у той час як урад рыхтуецца ўжо з наступнага тыдня аднавіць прыём замежных турыстаў. Многія царкоўныя цырымоніі праходзяць цяпер у Грэцыі на адкрытым паветры, а ўнутры храмаў людзей просяць захоўваць дыстанцыю і насіць маскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя паставіла новы рэкорд па колькасьці памерлых ад COVID-19