Канцлеру Аўстрыі, які сустракаўся зь Ціханоўскай, Пуцін заявіў аб непрымальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі, перадае БелаПАН.
Сытуацыя ў Беларусі стала адной з тэмаў тэлефонных перамоў канцлера Аўстрыі Себастыяна Курца і прэзыдэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Перамовы прайшлі 30 красавіка.
«Пры абмеркаваньні сытуацыі вакол Беларусі з расійскага боку падкрэсьлена непрымальнасьць умяшаньня звонку ва ўнутраныя справы гэтай краіны», — паведаміла прэс-служба Крамля.
28 красавіка канцлер Аўстрыі сустрэўся зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай. Пасьля сустрэчы Курц заявіў, што ўражаны актыўнай дзейнасьцю Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
«Мы цалкам падтрымліваем намаганьні апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, накіраваныя на правядзеньне свабодных і сумленных выбараў у Беларусі. Мы будзем цесна каардынаваць сваю працу з партнэрамі па Эўрапейскім саюзе. З аднаго боку, ЭЗ падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасьць, зь іншага — увёў пэрсанальныя санкцыі супраць адказных за падман і фальсыфікацыю на выбарах і задушэньне мірных дэманстрацый. Ціханоўская надалей можа разьлічваць на нашу падтрымку», — сказаў Курц.
Сьвятлана Ціханоўская на гэтым тыдні наведала зь візытамі Аўстрыю і Італію, а таксама сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай баранавіцкай газэце Intex-press прызналі экстрэмісцкім матэрыялам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італьянскі дэпутат — Ціханоўскай: беларусы дапамаглі нам у барацьбе з фашызмам. Італія адчувае, што трэба рабіць больш для салідарнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адна перадача прадуктаў у СІЗА каштуе каля 300 рублёў». Як у фондзе «Краіна для жыцьця» дапамагаюць палітзьняволеным