30 красавіка сваякі асуджаных на сьмяротнае пакараньне Ільлі і Станіслава Косьцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1, піша spring96.org. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаваньні з адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер хлопцы знаходзяцца ўжо не пад юрысдыкцыяй СІЗА-1, а адбываюць карантын для этапаваньня ў турму № 8 у Жодзіне.
Да гэтага праваабаронцам было вядома толькі пра адзіны выпадак памілаваньня асуджанага да сьмяротнага пакараньня за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
10 студзеня 2020 году братам, 19-гадоваму Станіславу і 21-гадоваму Ільлі Косьцевым, прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседзтве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэньні вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу — вынес судзьдзя Міхаіл Мельнікаў.
22 траўня 2020 году Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу братоў Косьцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Пасьля гэтага родныя Ільлі і Станіслава зьвярнуліся з прашэньнем аб памілаваньні ў адміністрацыю прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужа і жонку зь Пінску адправілі ў калёнію за пратэсты пасьля выбараў. Што будзе зь іх малымі дзецьмі?