Ужо сёньня: Дзень памяці Ўладзімера Дамашэвіча

Пісьменьнік і рэдактар Уладзімер Дамашэвіч

Падзеі 30 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1961 — у Менску адбылося вясельле Марыны Прусаковай і Лі Гарві Освальда, які праз два гады будзе абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта Кенэдзі.

Освальд з жонкай Марынай на бальконе менскай кватэры

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ззззз...» — чаму Освальд не дажыў да 80 гадоў

1975 — закончылася вайна ў Віетнаме, сёньня ў гэтай краіне дзяржаўнае сьвята. У ЗША 30 красавіка адзначаецца дзень вэтэранаў вайны ў Віетнаме.

1992 — у Жэнэве было абвешчана, што тэхналёгія сусьветнага павуціньня, ці World Wide Web, цяпер больш вядомай як інтэрнэт, будзе для ўсіх бясплатнай.

1997 — адбыўся першы замах на таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона. У часе, калі ён прыехаў у Хаджэнт на сьвяткаваньне юбілею мясцовага ўнівэрсытэту, у яго кінулі гранату. Рахмон быў лёгка паранены ў нагу, ахова адкрыла агонь па людзях, былі забітыя і параненыя.

У гэты дзень нарадзіліся:

1881 — паэт Янка Журба.

У восьмым клясе ў школьнай бібліятэцы я зьняў з стэнду «Пісьменьнікі-землякі» сьціплы зборнічак вершаў зусім не вядомага мне Янкі Журбы. Пагартаўшы старонкі, узбагаціў сябе чатырохрадкоўем, што было сугучнае майму тагачаснаму стану безнадзейнай, яшчэ дзіцячай закаханасьці:

Я помню сад у срэбраным уборы...
Паміж красуючых духмяных дрэў
Стаяла ты — ўся ў белым. Сад шумеў.
У цьмяным небе замігцелі зоры...

А яшчэ з кніжачкі я даведаўся, што аўтар гэтых радкоў жыве ў маім родным Полацку. Прамінула некалькі дзён, і завочнае знаёмства атрымала нечаканы працяг. Блукаючы па недалёкіх ад бацькоўскага дому могілках, я раптам убачыў прымітыўна-стандартны помнік, з надпісу на якім вынікала, што аўтар упадабанага мною санэту пра каханьне перасяліўся сюды ўжо некалькі гадоў таму.

Мне падумалася, што паэты заслугоўваюць лепшых надмагільляў, але найбольш уразіла нават ня ўбогасьць помніка з мармуровай крошкі, а надпіс на ім — чамусьці па-расейску, ды яшчэ й з прыкрай памылкаю:

«Белорусский поэт Янко Журба».

Праз колькі гадоў, закончыўшы ўнівэрсытэт і, як кажа адзін мой сябар, канчаткова стаўшы на нацыянальныя рэйкі, я вярнуўся ў родныя мясьціны й распачаў змаганьне за новы помнік паэту ці, прынамсі, за беларускі тэкст на ім.

У розныя інстанцыі быў напісаны дзясятак лістоў пра тое, што выпускнік Полацкай настаўніцкай сэмінарыі Янка Журба быў «нашаніўцам » (і, дарэчы, нейкім дзівам пазьбег за сталінскім часам рэпрэсіяў), што гэта ён некалі пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова, што на схіле дзён ён страціў зрок і жыў у невядомасьці ў доме для састарэлых...

У адказ прыходзілі зьдзекліва-ветлівыя адпіскі.

Новы помнік зьявіўся ўжо ў сувэрэнныя 1990-я.

Некалі я назаўсёды вярнуся ў Полацак. Пытаньня пра мову надпісу на маім помніку, я ўпэўнены, не паўстане. Хацелася б, каб ня ўзьнікла і праблемы правапісу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 264-265


1883 — чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак, аўтар прыгодаў славутага салдата Швэйка.

Яраслаў Гашак у часы пісаньня «Прыгодаў Швэйка»

У гэты дзень памерлі:

1945 — калі пачаўся штурм Рэйхстагу, пакончыў жыцьцё самагубствам Адольф Гітлер.

2011 — памёр аргэнтынскі пісьменьнік Эрнэста Сабата.

2001 — пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч.

Фота з архіву Зьмітра Дайнекі Рэдакцыя часопіса «Маладосьць». Сядзяць: Уладзімер Дамашэвіч, Яніна Важнік (тэхрэд), Валянціна Шылянкова (карэктар), Анатоль Грачанікаў, Янка Сіпакоў; стаяць: Валянцін Ждановіч, Алесь Гаўрон, Васіль Гігевіч, Алесь Кажадуб, Леанід Дайнека, Мікола Купава. 1983 г.

Аўтары ўсяго толькі пішуць кнігі, робяць іх — рэдактары.

У нас мноства помнікаў пісьменьнікам, і ніводнага — рэдактару. Калі гэтая несправядлівасьць будзе нарэшце выпраўленая, я хацеў бы ўбачыць у вобразе бронзавага Рэдактара незабыўнага Ўладзімера Дамашэвіча.

Часам здаецца, што ён быў рэдактарам ледзь ня ўсёй сучаснай беларускай літаратуры, прынамсі, той, якая чытаецца й перачытваецца, — пачынаючы ад Быкава, Караткевіча, Адамчыка.

Мне таксама выпала шчасьлівая карта: Дамашэвіч стаў рэдактарам маіх першых опусаў і, адрозна ад большасьці сваіх тагачасных калегаў, ніколі ня браў на сябе цэнзарскіх паўнамоцтваў. Як пісьменьнік ён сам ня раз рабіўся ахвяраю цэнзарскіх нажніц, а дакладней сякеры, што высякала цэлыя выпакутаваныя кнігі.

Дастаткова згадаць мужны раман Дамашэвіча «Камень з гары», які ня мог дакаціцца да чытача цэлыя два дзесяцігодзьдзі.

Праз розьніцу гадоў і досьведаў я ня меў магчымасьці зрабіцца ягоным сябрам, але ўдзячны лёсу, што Максімавіч, як ён дазваляў сябе называць яшчэ з «маладосьцеўскіх» часоў, заўсёды трымаў мяне ў полі цёплай увагі ды ветлівай цікавасьці.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ён патэлефанаваў мне з прапановаю тэрмінова сустрэцца. «Не начуйце дома. Будуць браць, — папярэдзіў Максімавіч у адным глухім двары. — Зьвесткі з дакладных крыніц. Усюды ёсьць нашы людзі». Я сказаў, што буду адбівацца. Дамашэвіч не падтрымаў легкаважнага тону і на разьвітаньне паказаў сьпіс людзей, якіх ён яшчэ павінен быў засьцерагчы ад арышту.

Трэба сказаць, што я не паслухаўся і начаваў дома. Праз колькі дзён узялі падчас разгрому намётавага мястэчка на плошчы Каліноўскага майго сына Багдана, які ў выніку прайшоў «школу» ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна.

Браць у кватэрах пачалі праз чатыры гады — у сьнежні 2010-га.

У 1980-я гады дый раней на пісьменьніцкіх зьездах і сходах Дамашэвіч востра выступаў супроць русіфікацыі.

А яшчэ — быў час — ён ваяваў з сакратаром Саюзу пісьменьнікаў Іванам Чыгрынавым, адказным за працу з маладымі літаратарамі. Максімавіч некалькі разоў публічна прапаноўваў Чыгрынаву зьняць з выдавецкіх плянаў шматлікія ўласныя выданьні й перавыданьні — на карысьць першых кніг маладых калегаў, а затым выклікаў яго за адмову на дуэль.

Усё, здаецца, скончылася прыкладна так, як гісторыя з выклікам на двубой, пасланым у гады Інфлянцкай вайны вялікім князем і каралём Стэфанам Баторыем Івану Жахліваму.

Але, як бы там ні было, Уладзімер Дамашэвіч, апрача ўсяго іншага, застаўся ў гісторыі й як апошні дуэлянт беларускай літаратуры.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 660-661


2001 — у сваёй кватэры быў забіты Алесь Каралёў, інжынэр, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Мы — толькі нечая памяць пра нас.

Прысьвечаных Алесю Каралёву артыкулаў вы ня знойдзеце ў энцыкляпэдыях, але памятаюць пра яго многія.

Алесевы душа i розум прайшлі загартоўку ў Навабеліцкім дзіцячым доме, а потым у Ленінградзкім авіяпрыборабудаўнічым інстытуце. Займаючыся ў гэтай напалову засакрэчанай навучальнай установе, само паступленьне куды беларускага дзятдомаўца, няхай і з залатым школьным мэдалём, было дзівам, Каралёў трапіў у багемна-дысыдэнцкае піцерскае асяродзьдзе, якое шмат у чым вызначыла далейшае жыцьцё.

Безь невысокай падхорцістай постаці Алеся, заўсёды густоўна апранутага, усьмешлівага, гаваркога, зь нездымальным бел-чырвона-белым значком на штрыфэлі, немагчыма ўявіць ніводнай нашай дэмакратычнай акцыі — пачынаючы з памятных усім нам Дзядоў 1988‑га. Пасьля першага Маршу Свабоды ён стаў знаходкаю для незалежных журналістаў, дасьціпна распавёўшы, як кіраўніцтва ягонага авіярэмзаводу палохала працоўных на палітынфармацыях гісторыямі пра адмарозкаў з БНФ, што, пашыхтаваўшыся ў чэргі, гвалцілі ў спыненых трамваях маладзенькіх вагонаважатых.

Алесь Карпавіч умеў сябраваць. У ягонай кавалерскай аднапакаёўцы перабывала добрая частка Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу мастакоў. Дзьве паліцы ў шыкоўнай бібліятэцы займалі кнігі з аўтографамі, а сьцены ганарыліся творамі жывапісцаў Аляксея Марачкіна й Уладзімера Сулкоўскага, ювэліра Міколы Кузьміча, графікаў Міколы Купавы й Яўгена Куліка. Стасункі з Куліком у Алеся былі асаблівыя. Ён у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова падкормліваў нашага славутага мастака й грамадзкага дзеяча, які, невылечна хворы, жыў, як птушка нябесная, у сваёй майстэрні-гарышчы. Спадар Яўген разлучыўся з душою зусім хутка пасьля Каралёва.

А яшчэ Алеся лічылі адным з найлепшых няштатных супрацоўнікаў Менскага бюро падарожжаў. Удзячныя лісты пасьля праведзеных ім экскурсіяў прыходзілі некалі з усяго СССР. «А мы думалі, што беларусы — гэта рускія», — пісаў аўтар адной з такіх падзякаў з Эрэвану.

Алеся напаткала жудасная загуба ў уласнай кватэры. У гаспадара, на целе якога забойцы пакінулі дзясяткі ранаў, iм удалося знайсьці пару сотняў нямецкіх марак.

Адзін з злачынцаў не дажыў да суду. Другі, якому дапамаглі ледзь ня ўсё сьпісаць на суўдзельніка, атрымаў чатырохгадовы тэрмін і ўжо даўно на волі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 476-477