«Яны пратэставалі свае сілы, пасьля гэтага яны зробяць высновы, што спрацавала, што спрацавала дрэнна, што добра. Сапраўды, усе выведкі працавалі — і касьмічная, і радыётэхнічная, і агентурная. Яны таксама падвядуць вынікі, як Украіна рэагавала, усе складнікі: і палітыкі, і спэцслужбы, і вайскоўцы, і насельніцтва, і «пятая калёна», — сказаў Яўген Марчук у інтэрвію праекту Радыё Свабода Крим.Реалии ТБ.
На яго думку, «Пуцін ня мог пайсьці ў наступальную апэрацыю», калі Ўкраіна заявіла пра гатоўнасьць і калі ўвесь сьвет «устаў на дыбкі».
«То бок, гэта было „нарвацца“ на сурʼёзную мясарубку. Праз два-тры дні правядуць нараду, падвядуць усе вынікі, і будзе даклад, дзе вузкае месца. І наступным разам дзейнічаць будуць нечакана, рэзка, каб Украіна не пасьпела зрэагаваць. Што тычыцца Ўкраіны, калі Расея цяпер усё гэта завядзе, дык на закрытым пасяджэньні рады нацыянальнай бясьпекі трэба ўсім „даць чарцей“. Я бачыў, дзе ў нас не атрымлівалася, дзе былі „плямы“, дзе не пасьпелі», — адзначыў Марчук.
Ён дадаў, што цяпер Украіне трэба зрабіць сурʼёзны аналіз і высновы па сытуацыі, і спрагназаваць, што можа скарыстаць Расея.
«І заблякаваць магчымую правакацыю, якая можа быць з расейскага боку. А яна можа быць у адным кірунку — гэта, безумоўна, вада для Крыму. Але я не выключаю, што і на беларускім напрамку можа быць нейкая хітрая рэч», — сказаў Яўген Марчук.
Раней 22 красавіка міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў аб завяршэньні вучэньняў у Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругах. Паводле яго слоў, «мэты раптоўнай праверкі дасягнутыя цалкам».
«Войскі прадэманстравалі здольнасьць забясьпечыць надзейную абарону краіны. У сувязі з гэтым мною прынята рашэньне завяршыць праверачныя мерапрыемствы ў Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругах», — заявіў Шайгу.
Ён загадаў забясьпечыць з 23 красавіка вяртаньне ўсіх войскаў у месцы пастаяннай дысьлякацыі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пазьней заявіў, што «зьмяншэньне колькасьці войскаў на нашай мяжы прапарцыйна зьніжае напружаньне». Паводле яго слоў, «Украіна заўсёды напагатове, але вітае любыя крокі па зьмяншэньні вайсковай прысутнасьці і дээскаляцыі сытуацыі».
Расея ў апошнія тыдні актыўна нарошчвала вайсковую прысутнасьць ля ўкраінскіх межаў і ў акупаваным Крыме. Па дадзеных назіральнікаў, Масква сьцягнула да ўсходняй мяжы з Украінай і ў Крым дзясяткі тысяч вайскоўцаў. Таксама ўдалося зафіксаваць вялікі лягер расейскіх вайскоўцаў у Варонескай вобласьці, за 250 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
ЗША заяўлялі, што Расея сканцэнтравала каля мяжы з Украінай больш войскаў, чым калі-небудзь з 2014 году.
У Крамлі заявілі, што перамяшчэньне расейскай арміі па тэрыторыі Расеі не павінна выклікаць непакой іншых краінаў, у прыватнасьці Ўкраіны.
Заходнія саюзьнікі Ўкраіны — ЗША, ЭЗ, G7 і NATO — выказалі Кіеву сваю падтрымку.