Дзьве крыніцы sport.tut.by, знаёмыя з сытуацыяй, пацьвердзілі, што Аляксей Кудзін сапраўды атрымаў нядаўна дакумэнты на экстрадыцыю ў Беларусь.
Адвакаты Кудзіна пры гэтым выступаюць супраць яго выдачы і рыхтуюць дакумэнты ў Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).
Аляксея Кудзіна затрымалі на акцыі пратэсту недалёка ад маладэчанскага гарадзкога парку 10 жніўня. Адпусьцілі 21 жніўня, узбудзіўшы супраць яго крымінальную справу і абраўшы меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.
На судовае паседжаньне 19 лістапада Кудзін не зьявіўся. Яго жонка расказала, што раніцай муж паведаміў, што зьяжджае ў суд. Больш яна яго ня бачыла, на тэлефонныя званкі ён не адказваў.
Пасьля гэтага судзьдзя зьмяніла меру стрыманьня з хатняга арышту на заключэньне пад варту, і Аляксея Кудзіна афіцыйна абвясьцілі ў вышук.
21 студзеня стала вядома пра затрыманьне Кудзіна ў Маскве на запыт беларускіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі 7 беларусаў, якія шукалі там прытулку. ВІДЭА