Яны прыехалі сюды 11 верасьня мінулага году, каб папрасіць палітычнага прытулку. Калі ў дамафон супрацоўнікі амбасады ім адказалі, што дапамагчы ня могуць, Кузьнечыкі пералезьлі праз плот і з таго часу ўжо не пакідалі тэрыторыю амбасады.
У кастрычніку Камітэт супраць катаваньняў ААН папрасіў Швэцыю не выдаваць уцекачоў беларускім уладам. Паводле адваката Вадзіма Драздова, на тэрыторыі амбасады Швэцыі яны могуць знаходзіцца, «пакуль ня зьнікне пагроза іх асабістай недатыкальнасьці па-за амбасадай». Магчымасьць зьехаць зь Менску ў Швэцыю, паводле адваката, «будзе залежаць ад ураду Швэцыі і добрай волі ўладаў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцябляне, якія пераскочылі агароджу швэдзкай амбасады, правялі ў ёй выходныя«У нас усё бязь зьменаў»
Віталю Кузьнечыку 49 гадоў, свой дзень нараджэньня ў лютым ён сустрэў ужо ў амбасадзе. Сыну Ўладзіславу 29 гадоў. Абодва займаліся сямейным бізнэсам, мелі гандлёвыя пункты ў Віцебску.
Цяпер Кузьнечыкі адмаўляюцца ад інтэрвію.
«У нас усё, як і раней, бязь зьменаў. Усё на ранейшым узроўні. У нас усё добра, у амбасадзе вельмі добрыя людзі», — кажа Віталь.
На пытаньне, ці адчуваюць яны сябе ў бясьпецы на тэрыторыі амбасады Швэцыі, ён адказаў:
«Адназначна так».
Паводле Віталя, са сваякамі яны кантактуюць праз тэлефон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завялі крымінальную справу на бацьку і сына, якія схаваліся ад перасьледу ў швэдзкай амбасадзеШто здарылася з Кузьнечыкамі?
Пасьля ўдзелу ў мірнай акцыі супраць Кузьнечыкаў пачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364 (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Перасьлед Віталя і Ўладзіслава пачаўся 6 верасьня, пасьля таго, як яны ў Віцебску ўзялі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Падчас акцыі Віталя пабілі супрацоўнікі міліцыі. Уладзіслаў разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі заступіўся за бацьку і выратаваў яго ад міліцыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы крычалі: «Аддайце іх нам!» Віцябляне, якія папрасілі палітычнага прытулку, пераначавалі ў амбасадзе ШвэцыіУ сваім відэа з тэрыторыі швэдзкай амбасады Кузьнечык-малодшы расказаў, што амапаўцы дагналі яго бацьку, ударылі па нагах, учатырох пачалі біць дубінкамі і пырскалі «газам проста ў твар». Ён пайшоў ратаваць бацьку і «выцягнуў яго з абцугоў карнікаў, якія ні за што б’юць і затрымліваюць людзей». Разам з бацькам яму ўдалося ўцячы. Чатыры дні яны хаваліся, пакуль ня трапілі на тэрыторыю амбасады Швэцыі, якую лічаць гуманнай краінай, якая можа ім дапамагчы. Спачатку ў амбасаду іх не пусьцілі, тады Кузьнечыкі пераскочылі праз плот і засталіся на тэрыторыі амбасады. Тым часам амапаўцы акружылі будынак. Кузьнечыкі выказалі спадзеў, што іх ня выдадуць, інакш іх «потым могуць проста не знайсьці».
«Калі Кузьнечыкі выйдуць з амбасады, то яны сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаваньняў»
Паводле адваката Вадзіма Драздова, сытуацыя застаецца бяз зьменаў.
«Мае кліенты дагэтуль знаходзяцца пад абаронай Камітэту супраць катаваньняў. Гэта значыць, што ўлады Швэцыі ня могуць выдаліць іх з тэрыторыі амбасады, — сказаў адвакат. — Навіны зьявяцца пасьля таго, як Камітэт разгледзіць пытаньне прымальнасьці іх скаргі. Калі гэта будзе зроблена, сказаць нельга, таму што ў Камітэту няма вызначанага тэрміну, за які ён павінен разглядаць скаргі. Але хутчэй за ўсё, рашэньне будзе прынята цягам гэтага году з прычыны адчувальнасьці справы Кузьнечыкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Швэцыя абавязана ўстрымацца ад перадачы маіх кліентаў уладам Беларусі», — адвакат беларусаў, якія хаваюцца ў амбасадзе ШвэцыіЗгодна з раскладам працы Камітэту, з 26 красавіка па 21 траўня 2021 году праходзіць сэсія, але рашэньня адносна Кузьнечыкаў яшчэ няма. Паводле адваката, разгляд пытаньня аб прымальнасьці азначае, што Камітэт правярае, ці адпавядае скарга заяўнікаў фармальным крытэрам: наяўнасьць юрысдыкцыі ў дзяржавы, на якую скардзяцца, наяўнасьць у заяўнікаў статусу ахвяры, выкананьне тэрмінаў падачы скаргі і г.д.
«Мы лічым, што скарга Кузьнечыкаў адпавядае ўсім фармальным крытэрам прымальнасьці. Калі Камітэт пагодзіцца з гэтым пунктам гледжаньня, то далей ён будзе разглядаць скаргу па сутнасьці, г.зн. ацэньваць, ці будуць маім кліентам пагражаць катаваньні, калі яны трапяць у рукі беларускіх уладаў. Мяркую, што ні ў кога цяпер не выклікае сумненьняў, што, калі Кузьнечыкі выйдуць з амбасады, то яны сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаваньняў», — сказаў Свабодзе Вадзім Драздоў.