Абвінавачаныя ў падрыхтоўцы «дзяржаўнага перавароту» прызналі на камэру сваю віну. Відэафрагмэнты паказалі ў фільме «Забіць прэзыдэнта» на тэлеканале АНТ.
Што казалі абвінавачаныя
Юрась Зянковіч:
- прызнаю сябе вінаватым у тым, што я быў, па сутнасьці, выкарыстаны як тэхнічны арганізатар, які арганізоўваў Zoom-канфэрэнцыі, перапіску
- у якасьці «тэхнічнага арганізатара» яго выкарыстаў Дзьмітры Шчыгельскі, доктар-псыхіятар, які жыве ў ЗША, яшчэ адзін удзельнік Zoom-канфэрэнцыяў «змоўшчыкаў». Менавіта Шчыгельскі адправіў яго на сустрэчу з «вайскоўцамі».
Рыгор Кастусёў:
- прызнаю сваю віну ў тым, што «даў магчымасьць вось гэтым людзям уцягнуць у такія размовы»
- яго ўцягнулі ў гульню, якую Зянковіч і іншыя хацелі «выкарыстаць для свайго ўзбагачэньня».
Аляксандар Фядута:
- прызнаю сябе вінаватым ва ўдзеле ў змове
- сапраўды, абмяркоўвалася пытаньне аб магчымасьці ў выпадку рэалізацыі змовы заняцьця шэрагу ўстановаў
- гэтыя ўстановы — мэдыя, пэўныя вузлы сувязі, магчыма, адключэньне на некаторы час інтэрнэту
- ні пад мяне, ні пад Кастусёва грошай бы ніхто ня даў. Мы былі патрэбныя для ўплыву ўнутры краіны
Пра што яшчэ расказалі ў фільме
- пасьля няўдалага пратэсту ў ход пайшоў іншы сцэнар: фізычная ліквідацыя прэзыдэнта і кроў
- Зянковіч — амэрыканскі юрыст беларускага паходжаньня — быў пад шчыльным каўпаком спэцслужбаў, а «дзяржпераварот» стаў рыхтаваць яшчэ ўлетку
- нават ня надта шыфраваўся, бо быў упэўнены ў сваёй беспакаранасьці як грамадзянін ЗША
- паказалі схаваныя відэаздымкі сустрэчы ў Менску Зянковіча і супрацоўніка КДБ, які прадставіўся юрысту афіцэрам Мінабароны Іванам
- Зянковіч расказвае, што прадстаўляе арганізацыю, якая налічвае 300 найбагацейшых сем’яў ЗША — «габрэйскае лобі»
- прыводзяцца словы з размовы з «Іванам», дзе Зянковіч кажа: «Я знайду выхад на Лэнглі» (штаб-кватэра ЦРУ)
- мяцеж «сапраўды рыхтаваўся амэрыканскай групоўкай пад патранажам спэцслужбаў ЗША»
- паказваюць журналіста Ўладзімера Чудзянцова (ён адбывае 5-гадовы тэрмін за распаўсюд парнаграфіі), той кажа, што Зянковіч яшчэ ў 2013 годзе расказваў яму пра свае палітычныя амбіцыі. Выказвае думку, што вельмі верагодна, што Зянковіча завэрбавалі ў ЗША
- у якасьці экспэрта ў фільме выступае прафэсар Акадэміі кіраваньня, былы супрацоўнік КДБ і экс-намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Князеў, які паўтарае ранейшую інфармацыю пра «150 пазадарожнікаў з буйнакалібэрнымі кулямётамі»
- паводле Князева, фонд Сораса выдзеліў 500 млн даляраў
- усё гэта – дзеля таго, каб падабрацца да Расеі зь яе прыроднымі рэсурсамі
- паказваюць чацьвёртую ўдзельніцу змовы — Вольгу Галубовіч, бухгальтарку менскага офіса Зянковіча. Зазначаецца, што яна сябра БНФ
- яна паказвае, як пакідала грошы ў ячэйцы вакзалу нібыта ад Зянковіча вайскоўцам
- паказваюць выбух машыны ў Горадні і нібыта перапіску Зянковіча, што ён на сувязі з тымі партызанамі, якія гэта зрабілі. Партызаны — «група Аўтуховіча». Зянковіч пацьвярджае, што знаёмы зь ім 15 гадоў
- Зянковіч і Аўтуховіч — дзьве паралельныя групы мяцежнікаў
- зброю і выбухоўку прывозілі з Украіны
-
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.