Палітзьняволенай Сьвятлане Купрэевай прыпынілі выплату пэнсіі

Сьвятлана Купрэева з сабакам. Архіўнае фота

Афіцыйная прычына — «у сувязі зь неатрыманьнем пэнсіі цягам 6 месяцаў», хоць Купрэева больш за 10 месяцаў сядзіць у «амэрыканцы».

Ніякіх сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да Сьвятланы не праводзіцца, сьцьвярджаюць сябры. Сябры Купрэевай таксама занепакоеныя, што старая маці даведалася аб праблемах са здароўем дачкі.

Натальля Любецкая, фігурантка прапагандысцкага фільму «Манкурты», расказала ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе, што ў СІЗА КДБ трапіла ў камэру, дзе сядзіць палітзьняволеная Сьвятлана Купрэева.

«Сьвятлана — цудоўная жанчына, моцна мяне падтрымлівала. Купрэева там ужо 10 месяцаў. За гэты час здароўе ў яе вельмі пагоршылася. Калі быў мароз мінус 25 градусаў, яна палезла, каб зачыніць маленькую фортачку, адзіную крыніцу натуральнага сьвятла ў камэры, у выніку ўпала на мэталічныя нары і зламала рэбры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начныя допыты, дзіўныя кроплі, схаваная камэра. «Пасыльная» Макара расказала, як «апрацоўваюць» вязьняў у турме КДБ

«Усе хавалі ад маці, што Сьвятлана ўпала і пашкодзіла сьпіну і рэбры»

Сяброўка Купрэевай Вера Галубовіч кажа, што ад 82-гадовай Сьвятланінай маці хавалі навіну, што дачка ў турме ўпала і пашкодзіла сьпіну і рэбры. Сама Сьвятлана маме пра гэта не пісала, сябры таксама аберагаюць старую жанчыну.

«Я ведаю пра гэты выпадак ад Сьвятланы, зь яе лістоў, але мы ж разумеем, што лісты праходзяць цэнзуру. Нібыта Сьвятлана палезла зачыняць фортку і павалілася. А там прывінчаныя да падлогі мэталічныя стол і крэсла. Сьвета стала на тумбачку, не ўтрымала раўнавагу, ударылася аб мэталічную сьпінку крэсла і ўпала на бэтонную падлогу. Вазілі на рэнтген, і здымак паказаў, што пералому рэбраў нібыта няма. Прынамсі, яна так піша.

Я вельмі засмуцілася, калі пачула гэта ў інтэрвію жанчыны, якая трапіла ў камэру да Сьвятланы. Усе хавалі гэта ад маці, бо Тацяне Мікалаеўне 82 гады, і гэтая навіна не палепшыць яе стан. Жанчына ў інтэрвію казала, што здароўе ў Сьвятланы пагоршылася, ціск скача. Цяпер і маці пра гэта даведаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы мне хацелася накупляць процьму абновак!». 9 месяцаў у «амэрыканцы» сяброўка сям’і Бабарыкаў

Хоць, мяркуючы па лістах, Сьвятлана трымаецца годна, у яе пазытыўны настрой. Піша: „Па жыцьці мне заўсёды шанцуе, нават турма ў мяне самая лепшая“. Добра адгукаецца пра сваіх суседак па камэры, яны ўсе дружныя», — расказвае Вера Галубовіч.

«Адваката афіцыйна не выклікаюць у СІЗА, значыць, допытаў няма»

Спадарыня Вера мяркуе, што ніякіх сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да Купрэевай не адбываецца, Сьвятлану проста трымаюць за кратамі, таму што яна блізкая сяброўка сям’і Бабарыкаў.

«11 чэрвеня будзе 1 год, як Сьвятлана сядзіць. Мне здаецца, яе трымаюць за кратамі, каб ціснуць на Віктара Бабарыку, які вельмі сумленны чалавек.

Сьвятлана Купрэева, архіўнае фота

Руху ніякага няма. Адваката афіцыйна не выклікаюць у СІЗА, значыць, допытаў няма. Хоць адвакат пэрыядычна сустракаецца з Купрэевай, але ён жа пад падпіскай аб неразгалошваньні, перадае толькі побытавыя просьбы. Мяне вельмі непакояць зьмены, якія прынятыя ў дачыненьні да адвакацкіх бюро. Адвакат Сьвятланы працуе ў прыватным бюро, а цяпер жа будуць адвакаты толькі дзяржаўныя», — кажа Вера Галубовіч.

Вера выказвае і надзею: нібыта ў «амэрыканцы» больш за год людзей не трымаюць. А паколькі Сьвятлане няма чаго прад’явіць, яе павінны выпусьціць.

«Я вельмі спадзяюся», — кажа сяброўка Сьвятланы Вера Галубовіч.

«Мама, засьцерагайся, будзь асьцярожная, а то мяне нават на тваё пахаваньне не адпусьцяць»

82-гадовая маці Сьвятланы Тацяна Мікалаеўна вельмі перажывае за здароўе дачкі. Але навіну пра тое, што дачка пашкодзіла сьпіну, успрыняла мужна.

«Яе заўсёды нясе кудысьці! Зьвярнулася б да ахоўнікаў, яна ж ужо не дзяўчынка», — эмацыйна выказваецца маці.

Тацяна Мікалаеўна кажа, што лісты атрымлівае даволі часта. 21 красавіка дачцэ адвезьлі перадачу, і Сьвятлана адразу напісала ліст. Дзякуе маці і сяброўкам за смачныя стравы, піша, што ў абед у той дзень уся камэра ела толькі перададзеныя прысмакі. З турэмнага абеду ўзялі толькі кісель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні

«Сьвятлана памятае ўсе дні народзінаў сваякоў і сябровак, нагадвае мне, каго не забыцца павіншаваць. Вельмі непакоіцца яна і за матуль сваіх сябровак, якія ва ўзросьце і хварэюць. Маці адной сяброўкі, якая жыве ў Нідэрляндах, памерла ў панядзелак ад каранавірусу. У маці другой сяброўкі быў інсульт, і сяброўка цяпер даглядае маці. Сьвятлана вельмі перажывае за ўсіх.

Таксама напісала, што сукамэрнікам хацелі зрабіць прышчэпкі ад каранавірусу, але яны адмовіліся, бо ўжо перахварэлі ў „амэрыканцы“.

Піша: „Мама, засьцерагайся, будзь асьцярожная, а то мяне нават на тваё пахаваньне не адпусьцяць“. Я нават у адваката перапыталася, ці можа такое быць. Ён адказаў: „Так, не адпусьцяць“. А ў мяне 6 дыягназаў асноўных і 10 спадарожных — узяла выпіску з паліклінікі. Думала, што дачку адпусьцяць пад хатні арышт, пад паручальніцтва. Не адпусьцілі», — не хавае сьлёз 82-гадовая жанчына.

Сьвятлана Купрэева (зьлева) зь сябрам Леанідам Галубовічам і маці Тацянай Міклаеўнай. Архіўнае фота

«Выплата пэнсіі прыпыненая з сакавіка 2021 году ў сувязі зь неатрыманьнем Вамі пэнсіі цягам 6 месяцаў запар»

З сакавіка 2021 году Сьвятлане Купрэевай перасталі пералічваць пэнсію. Хоць немагчыма высьветліць, ці пералічвалі яе наагул з чэрвеня, пасьля таго, як Сьвятлану затрымалі.

«Бо адразу картку „Беларусбанку“, на якую Сьвятлане пералічвалі пэнсію, заблякавалі. Адвакат сказаў, што пэнсійную картку не павінны блякаваць, аднак заблякавалі», — кажа Тацяна Мікалаеўна.

Тэрмін дзеяньня карткі сканчаўся ў жніўні. На хатні адрас на імя Сьвятланы прыйшоў ліст з банку, што калі яна ня зьвернецца ў аддзяленьне асабіста і не аформіць новую картку, пэнсія будзе прыходзіць у паштовае аддзяленьне па месцы жыхарства, працягвае свой расповед маці.

«Я крыху супакоілася. Думала, што разам з маёй пэнсіяй будуць прыносіць і Сьвеціну. Але яе пэнсія не прыйшла. Я зьвязалася з райсабесам. Сказалі, што мне яны нічога не паведамяць, маўляў, „калі дачка вызваліцца, няхай прыходзіць з дакумэнтамі аб вызваленьні, і мы адкажам на ўсе яе пытаньні. А калі яе накіруюць у іншае месца, пэнсія „паедзе“ сьледам за ёй“.

Я спачатку вырашыла Сьвету не хваляваць, але потым усё ж падумала, што яна павінна ведаць», — кажа маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым вінавацяць сяброўку сям’і Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву. Яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ 

Сьвятлана ў лісьце маці супакоіла, што пэнсія нікуды не падзенецца, нават калі картка заблякаваная ці тэрмін яе скончыўся, грошы павінны пералічвацца на рахунак.

А нядаўна з Упраўленьня сацыяльнай абароны прыйшла новая папера. Сэнс яе такі: «Выплата пэнсіі прыпыненая з 1 сакавіка 2021 году ў сувязі зь неатрыманьнем Вамі пэнсіі цягам 6 месяцаў запар — з 1 верасьня 2020 году».

Тацяна Мікалаеўна спадзяецца, што цягам трох месяцаў мінулага году ўключна са жніўнем, пакуль картка яшчэ дзейнічала, пэнсію ўсё ж пераводзілі. А вось што з пэнсіяй у наступныя 6 месяцаў, высьветліць не ўдаецца. Цяпер выплату наагул прыпынілі — у сувязі з тым, што цягам паўгода Сьвятлана яе не атрымлівала. Хоць ва Ўпраўленьні сацыяльнай абароны ведаюць, дзе знаходзіцца Купрэева. Выходзіць замкнёнае кола, разважае Тацяна Мікалаеўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека заклікала вызваліць з ізалятараў у Беларусі жанчын і непаўналетніх

«Я напісала пра ўсё гэта Сьвеце, а яна пажартавала: „Можа, падумалі, што я памерла, і перасталі пералічваць“. Ад яе ўсе лісты аптымістычныя, яна пастаянна піша, што ўсё будзе добра.

Мне вельмі шкада, што Сьвятлана пакутуе ні за што. Ніякіх акцый, грошай у яе не было. Мы жывём у маёй каапэратыўнай „хрушчоўцы“, якую я пабудавала ў 1968 годзе. Яна хоць і трохпакаёўка, але так званая „распашонка“ — усяго 34 квадратныя мэтры жылой плошчы.

Сьвятланіну маёмасьць арыштавалі. Праўда, з маёмасьці было толькі лецішча — такая „шпакоўня“, якую мы „зьляпілі“ са старога мамінага дамку гадоў 40 таму, бо на маю настаўніцкую зарплату далёка не наезьдзісься ў адпачынак. Думала, што буду корпацца ў зямлі. Лецішча вельмі сьціплае, але там шмат кветак і сад прыгожы. Я ня так даўно перапісала гэтую „шпакоўню“ на Сьвятлану. Цяпер яна пад арыштам. Гэта ўсё, што мы разам нажылі за сваё жыцьцё. Каб у Сьвятланы былі грошы, акцыі, афшоры, няўжо мы б жылі ў такіх умовах?» — кажа 82-гадовая жанчына.


Хто такая Сьвятлана Купрэева

Сьвятлана Купрэева - каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па адным з раёнаў Менску. Дачка беларускага паэта і пісьменьніка Мікалая Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці яго дачкі. З 11 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яе падазраюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, чым яна нібыта нанесла дзяржаве ўрон на суму, эквівалентную амаль 4 мільёнам даляраў. Пры гэтым Сьвятлана на пэнсіі падзарабляла бугальтарам у розных дробных фірмах і жыла разам з мамай у старой хрушчоўцы.

Абаронца Купрэевай Яўген Пыльчанка падаў скаргу ў суд, каб ён зьмяніў меру стрыманьня і адпусьціў Купрэеву з-пад варты. За яе ў судзе гатовыя былі асабіста паручыцца пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законьнікаў і Леанід Галубовіч. Але суд скаргу не задаволіў.