Пра беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі ў Беларусі гаворыцца ў штогадовым дакладзе партнэрскіх арганізацый Плятформы Рады Эўропы для садзейнічаньня абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў, прэзэнтаваным 28 красавіка.
Хоць Беларусь і ня сябра Рады Эўропы, яе ўключылі ў даклад праз эскаляцыю рэпрэсій супраць СМІ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.
Аўтары дакладу заклікалі міжнародную супольнасьць да «рашучых дзеяньняў», каб «спыніць рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненьні да журналістаў».
На момант падрыхтоўкі дакладу ў зьняволеньні знаходзіліся 12 журналістаў:
- Сяргей Альшэўскі (дырэктар «Прэс-клюбу»),
- Андрэй Аляксандраў (журналіст і мэдыямэнэджар),
- Кацярына Бахвалава (Андрэева; «Белсат»),
- Кацярына Барысевіч (Tut.by),
- Сяргей Гардзіевіч (карэспандэнт інтэрнэт-выданьня «Першы рэгіён», знаходзіцца пад хатнім арыштам),
- Дзяніс Івашын (журналіст штотыднёвай газэты «Новы час»),
- Ксенія Луцкіна (былая супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-2»),
- Язэп Палубятка (карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах, быў адпушчаны пасьля суду. — БелаПАН.),
- Юлія Слуцкая (заснавальніца «Прэс-клюбу»),
- Пётра Слуцкі (супрацоўнік «Прэс-клюбу»),
- Дар’я Чульцова («Белсат»),
- Ала Шарко (праграмны дырэктар «Прэс-клюбу»).
Пра што расказалі аўтары дакладу
Пра больш як 500 парушэньняў правоў журналістаў ад жніўня 2020 году. Журналістаў затрымлівалі, білі падчас утрыманьня пад вартай, а іхную тэхніку ламалі ці канфіскоўвалі.
Пра 477 затрыманьняў журналістаў за ўвесь 2020 год.
- 62 журналісты зьведалі гвалт з боку сілавікоў,
- 97 журналістаў арыштавалі,
- 1200 дзён сумарна яны правялі за кратамі.
Пра журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову, якіх асудзілі на 2 гады калёніі за жывы эфір з акцыі пратэсту ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маючы тры срэбныя кнопкі на YouTube, ад спадарожніка не адмовімся». Гутарка з намесьнікам дырэктара «Белсат» Аляксеем ДзікавіцкімПра Кацярыну Барысевіч з Tut.by, якую зьняволілі на паўгода за артыкул пра тое, што забіты пратэстовец Раман Бандарэнка быў цьвярозы, што супярэчыла словам Аляксандра Лукашэнкі.
Пра Натальлю Лубнеўскую з «Нашай нівы», у якую стрэлілі гумовай куляй 10 жніўня, хоць на ёй была камізэлька з надпісам «Прэса». Яна 38 дзён лячылася ў шпіталі, а выданьню прыгразілі штрафам «за несвоечасовае паведамленьне» ўладам аб траўме на працы карэспандэнткі.
Пра ператрусы ў Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў дамах журналістаў у лютым.
Пра скасаваньне статусу СМІ ў Tut.by.
Пра ануляваныя акрэдытацыі ў журналістаў, якія працавалі на замежныя СМІ.
Пра заблякаваны ўладамі доступ да больш як 100 сайтаў навін.
Пра машыну прапаганды на службе рэжыму — дзяржаўную Белтэлерадыёкампанію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка з гонарам будзе памятаць пра вашы ахвяры». Кіраўніца Агенцтва глябальных мэдыя ЗША падтрымала Ігара ЛосікаАўтары дакладу заклікалі ўсе краіны Рады Эўропы «адкласьці ў бок геапалітычныя меркаваньні і заняць адназначную пазыцыю адносна гэтай беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы».
Генэральны сакратар Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Рыкарда Гутʼерэс заявіў, што Рада Эўропы не павінна дазваляць дыктатуры працягваць рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі.
«Рада Эўропы не павінна дазваляць дыктатуры працягваць гэтыя рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў у цэнтры Эўрапейскага кантынэнта», — сказаў Гутʼерэс.
Ён заклікаў і надалей фіксаваць выпадкі парушэньня правоў журналістаў у Беларусі, хоць краіна і не ўваходзіць у Раду Эўропы. Гэта будзе вельмі сымбалічным актам падтрымкі свабоды прэсы, лічыць Гутʼерэс.
Плятформа садзейнічаньня абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў была створаная Радай Эўропы ў 2015 годзе. Яна ўключае міжнародныя арганізацыі ў галіне свабоды слова і асацыяцыі журналістаў:
- Арганізацыя Index on Censorship,
- Арганізацыя Rory Peck Trust,
- Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў,
- Камітэт абароны журналістаў,
- Міжнародная фэдэрацыя журналістаў,
- Міжнародны ПЭН-клюб,
- Міжнародны інстытут прэсы,
- Міжнародны інстытут пытаньняў бясьпекі журналістаў,
- Праваабарончая арганізацыя Article 19,
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў,
- Эўрапейскі вяшчальны саюз.